Беларусь плануе фінансаванне ўзбраення арміі з улікам міжнародных абавязацельстваў і сітуацыі ў краіне
Пытанні далейшага развіцця Узброеных Сіл разглядаліся 22 лістапада на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, у цэнтры ўвагі былі пытанні фінансавання другога этапа (2011-2015 гады) Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2006-2015 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "У свой час мы планавалі аб'ём фінансавання закупак узбраення, зыходзячы з таго, якую будзем мець армію. Хоць часу прайшло няшмат, але фінансава-эканамічны крызіс, зразумела, адбіўся на нашай эканоміцы".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці карэкціроўкі аб'ёмаў фінансавання праграмы ўзбраення. "Скажу шчыра: ваенныя займаюць цвёрдую, непрымірымую пазіцыю, а ўрад эканамічна абгрунтоўвае сваю пазіцыю. Але да адзінай думкі яны не прыйшлі, і цяпер патрэбна прыняцце пэўнага рашэння", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прапанаваў прыняць рашэнне, зыходзячы з існуючых рэалій. "Калі ў нас ёсць самая малая магчымасць выканаць той вялікі план фінансавання дзяржаўных ваенных праграм, то мы яго павінны выконваць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі ў нас сёння нешта не складваецца, то мы аб гэтым павінны канкрэтна і сумленна гаварыць, прызнаючы гэта, і зыходзіць з таго, што ў нас ёсць у наяўнасці".
Пры абмеркаванні гэтай тэматыкі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць уліку міжнародных абавязацельстваў Беларусі па забеспячэнні бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы з Расіяй. У прыватнасці, на праведзенай напярэдадні нарадзе па Плану прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі "была разгледжана зона адказнасці беларускай арміі ў Саюзнай дзяржаве".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "У Расіі сёння на заходнім напрамку практычна нічога няма, і Расія разлічвае на беларускія Узброеныя Сілы. Яна мае права на гэта разлічваць, якія ні былі б у нас з імі палітычныя нелады, я лічу, што гэта пройдзе. І мы ўсё ж павінны свае функцыі выконваць". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што зыходзячы з міжнародных абавязацельстваў, мы і павінны планаваць узбраенне для беларускай арміі.
Дзяржсакратар Савета Бяспекі Леанід Мальцаў па выніках нарады адзначыў, што прынята рашэнне па фінансаванні найбольш перспектыўных напрамкаў дзяржпраграмы ўзбраення, якія даюць максімальны вынік.
"Працуе формула "кошт — эфектыўнасць". Пытанне не ў тым, большыя або меншыя аб'ёмы фінансавання. Трэба фінансавання роўна столькі, колькі патрабуе абстаноўка і колькі ёсць магчымасцяў, — падкрэсліў Леанід Мальцаў. — Акрамя ўзбраення і тэхнікі, ёсць яшчэ зарплата, будаўніцтва жылля. Таму ацэньваюцца ўсе гэтыя фактары".
Такім чынам, прынята аптымальнае рашэнне па фінансаванні Дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2011-2015 гады з улікам абстаноўкі, якая складваецца ў краіне.