Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год
Адпаведны ўказ № 597 кіраўнік дзяржавы падпісаў 19 лістапада.
Грашова-крэдытныя паказчыкі на 2011 год разлічаны зыходзячы з прагнозу асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Пры змяненні на працягу 2011 года названых параметраў манетарныя паказчыкі будуць змяняцца ў адпаведных прапорцыях.
На 2011 год Нацыянальным банкам прадугледжваецца: прывязка курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют (долара ЗША, еўра і расійскага рубля); змяненне курсу беларускага рубля да кошту кошыка замежных валют у рамках калідора плюс/мінус 8 працэнтаў ад цэнтральнага значэння, роўнага кошту кошыка, што склаўся да пачатку 2011 года; устанаўленне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 8-10 працэнтаў гадавых пры прагназуемай інфляцыі 7,5-8,5 працэнта. Пры гэтым прадугледжваецца, што працэнтныя стаўкі па новых рублёвых крэдытах нефінансаваму сектару складуць 11-13 працэнтаў гадавых, па новых тэрміновых рублёвых дэпазітах у банках — 9-11 працэнтаў гадавых.
У 2011 годзе прырост актываў банкаўскага сектара і нарошчванне рэсурснай базы (пасіваў) банкаў прагназуецца на ўзроўні 21-22 працэнты. Патрабаванні банкаў да эканомікі ў агульным аб'ёме актыўных аперацый банкаў узрастуць на 24-25 працэнтаў і складуць 58 працэнтаў да ВУП.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.