Аляксандр Лукашэнка: «Дзіцячым «Еўрабачаннем» жыве ўся краіна»

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў дзіцячае "Еўрабачанне", якое прымае ў гэтым годзе Мінск, сапраўднай падзеяй для краіны. Такую думку ён выказаў учора, наведваючы рэпетыцыю гэтага конкурсу.

"Гэта не проста радавы конкурс, гэта падзея для Беларусі. Гэтым жыве ўся краіна", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, наведваючы аднойчы Алімпійскія гульні ў адной багатай краіне, падумаў, што калі б не было тэлетрансляцый, то аб гэтым мерапрыемстве ніхто не даведаўся б, паколькі ўсё праходзіла, на яго думку, даволі кулуарна. "Я падумаў: чаму ўся краіна не жыве гэтай падзеяй? У нас жа дзіцячае "Еўрабачанне" — гэта падзея", — сказаў ён, звяртаючыся да выканаўчага прадзюсара міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне" Свантэ Стакселіуса і дырэктара Еўрапейскага вяшчальнага саюза Ёргена Франка.

Ёрген Франк у сваю чаргу заўважыў, што вялікай перавагай як дзіцячага, так і дарослага конкурсу "Еўрабачанне" з'яўляецца тое, што аб гэтым мерапрыемстве ведаюць усе.

Аляксандр Лукашэнка: «Дзіцячым «Еўрабачаннем» жыве ўся краіна»

А Свантэ Стакселіус падзяліўся сваімі ўражаннямі аб арганізацыі конкурсу ў Мінску. Ён звярнуў увагу на прафесіяналізм арганізатараў. "Мне падабаецца, як ідзе тут падрыхтоўка. Прафесійна працуюць прадзюсары. Я таксама ведаю, што ўсе дэлегацыі і дзеці рады тут знаходзіцца. Мы разлічваем, што заўтра тут адбудзецца цудоўнае шоу", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Калі вам спадабалася наша работа, то вы павінны прывезці сюды і дарослае "Еўрабачанне". Тым больш што аснова, каб правесці дарослы конкурс, ужо ёсць". На гэта Ёрген Франк сказаў, што калі беларускі выканаўца пераможа ў дарослым конкурсе, то "Еўрабачанне" абавязкова пройдзе ў Мінску. Ён дадаў, што ў Беларусі таленавітыя спевакі.

Тады кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба пачынаць займацца падрыхтоўкай да дарослага "Еўрабачання", звярнуўшыся да Ксеніі Сітнік, а таксама да намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, выканаўчага прадзюсара шоу ў Мінску Аляксандра Мартыненкі.

"Не было таго "Еўрабачання" — дзіцячага або дарослага, якое б я не глядзеў. Калі ў нас пройдзе дарослы конкурс, то мы апраўдаем усе вашы чаканні", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паглядзеў, як ідзе рэпетыцыя конкурсу, падняўся на сцэну і пагутарыў з юнымі ўдзельнікамі, пажадаўшы ўсім поспехаў. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ўмовамі, у якіх канкурсанты рыхтуюцца да гэтага мерапрыемства, іх адпачынкам. Ён таксама прайшоў у Grееn Rооm, дзе знаходзіліся каманды ўдзельнікаў конкурсу. Юная выканаўца Ніколь, якая прадстаўляе Мальту, разам са сваімі памочнікамі выканала для Прэзідэнта ўрывак са сваёй песні. Данііл Казлоў, які падышоў, таксама захацеў прадэманстраваць Прэзідэнту сваё майстэрства. Аляксандр Лукашэнка пахваліў юных спевакоў. Ён таксама пагутарыў з камандай з Грузіі, іншымі ўдзельнікамі.

Кіраўніку дзяржавы быў прадэманстраваны невялікі відэаролік аб конкурсе, прадстаўлена сувенірная прадукцыя.

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" праводзіцца штогод у лістападзе-снежні пад патранатам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Юныя ўдзельнікі выконваюць песні ўласнага сачынення, пры гэтым не забараняецца прафесійная дапамога дарослых. Першы дзіцячы конкурс адбыўся ў Капенгагене (Данія) 15 лістапада 2003 года. Беларускія выканаўцы выйгравалі конкурс двойчы: у 2005 годзе перамогу атрымала Ксенія Сітнік, а ў 2007-м — Аляксей Жыгалковіч. Конкурс у беларускай сталіцы пройдзе ў комплексе "Мінск-Арэна". У ім прымаюць удзел юныя выканаўцы з 14 краін. Беларусь прадстаўляе Данііл Казлоў з Жабінкі. Тэлетрансляцыю конкурсу ўбачаць не толькі краіны-ўдзельніцы, але і Аўстралія і Новая Зеландыя. Для асвятлення мерапрыемства акрэдытаваны больш за 200 журналістаў з розных краін. Вобразам гэтага конкурсу сталі крылы, якія сімвалізуюць бясконцы палёт фантазіі, творчасці. Яркія крылы стануць і галоўным прызам пераможцу конкурсу. Пры гэтым зменшаныя копіі дастануцца ўсім удзельнікам.

З дзіцячым конкурсам актыўна супрацоўнічае ЮНІСЕФ, арганізуючы тут дабрачынныя мерапрыемствы. Так, частка ўваходных білетаў на конкурс перададзена дзецям з сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама з Паслом добрай волі ЮНІСЕФ опернай спявачкай Марыяй Гулегінай, якая расказала аб сваіх уражаннях ад наведвання напярэдадні РНПЦ "Маці і дзіця". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты цэнтр стваралі, узяўшы ўсё самае лепшае.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Море возможностей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика