Сяргей Сідорскі: "Беларускі інвестыцыйны форум — эфектыўная перагаворная пляцоўка"
Беларускі інвестыцыйны форум — эфектыўная перагаворная пляцоўка, якая дае рэальныя вынікі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ўчора на пленарным пасяджэнні форуму ў Франкфурце-на-Майне (Германія), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь паслядоўна рэалізуе мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у краіне дасягнуты высокія тэмпы эканамічнага развіцця. Да сусветнага крызісу сярэднегадавыя тэмпы прыросту ВУП складалі 9,5—10 працэнтаў, прадукцыі прамысловасці — 10,5 працэнта, інвестыцыі ў асноўны капітал раслі кожны год у сярэднім на 23,8 працэнта, рэальная заработная плата — на 12,1 працэнта. У крызіс краіне ўдалося захаваць сваю эканоміку. "Дзякуючы своечасова прынятым антыкрызісным мерам і прымяненню гібкага дзяржаўнага рэгулявання эканомікі тэмпы спаду вытворчасці былі меншымі, чым у іншых краінах СНД", — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада. Паводле яго слоў, ужо да канца 2009 года ўдалося прыпыніць крызісныя працэсы і ў цэлым у эканоміцы выйсці на прырост ВУП. Сяргей Сідорскі звярнуў увагу, што рост ВУП забяспечваецца пры адначасовым зніжэнні энергаёмістасці. "Мы сёння рыхтуемся выйсці на азіяцкі фінансавы рынак для размяшчэння дзяржаўных аблігацый у аб'ёме да $1 млрд. Мы сур'ёзна разлічваем на інвестараў з Ганконга і Сінгапура". Ён нагадаў, што Беларусь упершыню ў гэтым годзе прымяніла такі інструмент прыцягнення пазык, як размяшчэнне на знешнім рынку дзяржаўных аблігацый у аб'ёме $1 млрд. Размяшчэнне аблігацый ажыццёўлена ў два этапы, сярэдняя даходнасць па іх склала 8,7 працэнта гадавых. Цяпер аблігацыі карыстаюцца попытам, даходнасць па іх складае амаль 8 працэнтаў гадавых.
"Мы лічым такое размяшчэнне даволі паспяховым і прынялі рашэнне зрабіць наступны крок — размясціць нашы аблігацыі на расійскім рынку. Выхад на расійскі фінансавы рынак будзе дэбютам не толькі для нас, але і для саміх расіян, якія праз Беларусь адкрываюць свой рынак для размяшчэння аблігацый замежных дзяржаў", — адзначыў прэм'ер-міністр. Хоць за апошнія гады Беларусь павялічыла аб'ём прыцягнення знешніх крэдытаў, суадносіны знешняга дзяржаўнага доўгу і ВУП у Беларусі складаюць менш як 20 працэнтаў супраць 60—80 працэнтаў у многіх развітых краін. Адно з вядучых рэйтынгавых агенцтваў Stаndаrd & Рооr's адзначае, што Беларусь з'яўляецца адной з найбольш плацежаздольных і развітых дзяржаў з крэдытным рэйтынгам "B+". Гаворачы аб тым, што зроблена для паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў краіне, прэм'ер-міністр адзначыў, што ў Беларусі істотна змянілася заканадаўства ў напрамку ўдасканалення ўмоў вядзення бізнэсу па прыкладу краін Еўрапейскага саюза. Адменена значная колькасць адміністрацыйных працэдур. У выніку сёння ў Беларусі бізнэс можна адкрыць за 5 дзён, прайшоўшы для гэтага толькі 5 працэдур, што адпавядае лепшым паказчыкам краін Еўропы. Для параўнання: у Германіі гэта 15 дзён і 9 працэдур адпаведна. Па складзе падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты падатковая сістэма Беларусі сёння не адрозніваецца ад падатковых сістэм краін Еўропы. У рэспубліцы прыняты беспрэцэдэнтныя меры па адмене працэдуры дэкларавання паходжання капіталу.