Дзень Х для беларускіх чыноўнікаў

Источник материала:  
25.10.2010 10:47 — Новости Политики
На сённяшнім пасяджэнні міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза ў Бруселі павінна быць прынята рашэнне аб прадаўжэнні санкцый у дачыненні да 41 беларускага чыноўніка, уключаючы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Гэтае пытанне плануецца разгледзець у другой палове дня.

Як раней паведамлялася, 21 кастрычніка еўрапейскія дыпламаты ўзгаднілі пытанне аб прадаўжэнні санкцый і тэкст адпаведнай заявы, якую плануецца прыняць сёння.

Згодна з праектам гэтага дакумента, Еўрасаюз чарговым разам плануе прадоўжыць на год санкцыі ў дачыненні да групы высокапастаўленых службовых асоб Беларусі, што забараняюць ім уезд на тэрыторыю аб’яднанай Еўропы.

Адначасова з прадаўжэннем санкцый, паводле звестак выдання EU Observer, ЕС дасць працяг і мараторыю на іх прымяненне ў дачыненні да 36 чалавек.

Пад дзеянне мараторыя не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войск МУС Дзмітрый Паўлічэнка, два былых міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

У заяве, якую плануецца прыняць сёння, гаворыцца, што Савет ЕС «вельмі шкадуе з прычыны адсутнасці прагрэсу» ў Беларусі ў такіх сферах, як вяршэнства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый.

У той жа час у дакуменце адзначаецца: «Савет зноў нагадвае аб крытычнай важнасці палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і неабходнасці захаваць палітычны дыялог з Беларуссю на высокім узроўні як спосабе знайсці паразуменне і стварыць магчымасць для вырашэння тых праблем, якія выклікаюць занепакоенасць».

Абмеркаванне дакумента паказала, што ўдзельнікі пасяджэння па-рознаму разумеюць фармулёўку «крытычная важнасць», якую ўтрымлівае заява. «Некаторыя еўрапейскія дыпламаты інтэрпрэтавалі гэта ў тым сэнсе, што ЕС негатыўна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. Паводле меркавання іншых, гэтая фраза азначае, што адносіны ЕС — Беларусь знаходзяцца ў крытычным пункце з-за выбараў», — піша EU Observer.

У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з нормамі і стандартамі міжнароднага права.

Паводле звестак EU Observer, Еўракамісія распрацавала спецыяльны план для Беларусі па рэформах, якія могуць быць праведзены на працягу трох-пяці гадоў. Але гэты план будзе запушчаны пасля выбараў, калі яны пройдуць без грубых парушэнняў.

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзены ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, к 2006 году спіс узрос да 41 чалавека.

Першымі ў спіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структур, якія мелі дачыненні, на думку ЕС, да знікнення ў Беларусі ў 1999–2000 гадах апазіцыйных палітыкаў, — гэта Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед.

У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да 37 чалавек: у яго трапіў і Аляксандр Лукашэнка, адказны, на думку ЕС, за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Крыху пазней да гэтага рашэння далучыліся яшчэ каля 10 краін, якія не ўваходзяць у ЕС.

У кастрычніку 2006 года ў спіс неўязных былі ўключаны яшчэ чатыры чыноўнікі: суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі «Партнёрства».

У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС упершыню прыпынілі на паўгода дзеянне санкцый для 36 чыноўнікаў. З таго часу Еўрасаюз некалькі разоў прымаў рашэнне аб прадаўжэнні санкцый і адначасова аб мараторыі на іх прымяненне. Пры гэтым на пецярых чалавек дзеянне мараторыя не распаўсюджвалася.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←Окно в Европу закрывается на 10 лет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика