Лукашэнка: Я не прэтэндую на шапку Манамаха
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не прэтэндуе на ўладу ў Расеі і што яму досыць прэзідэнцтва ў Беларусі.
«У Расеі да Лукашэнкі нармальна ставяцца, дарэчы, як і ў Літве.
Але гэта не азначае, што я прэтэндую на шапку Манамаха ў Крамлі ці ў вашай літоўскай дзяржаве. Мне дастаткова ўлады ў Беларусі», — заявіў А. Лукашэнка ў інтэрв’ю віленскай газеце «Литовский курьер», апублікаваным у чацвер.«Я нармальна працую. Мяне людзі паважаюць. Ды мне ўжо не да гэтага — я ўжо наеўся гэтага хлеба, далей няма куды. Паважаюць расейцы Лукашэнку, дык вы выкарыстоўвайце гэта. Не спрабуйце брудам панізіць яго аўтарытэт у расейскім грамадстве, тым больш што атрымліваецца ўсё наадварот», — сказаў ён.
«І гэтыя напады — «Бацька‑1», «Бацька‑2», тры, чатыры — я ня ведаю, глядзелі вы ці не, я не глядзеў. Мне аналіз давалі, таму што ў мяне не было часу, я ў камандзіроўках правёў гэты час .А па‑другое, калі мне сказалі, пра што там размова, дык гэта ўжо наша беларуская апазіцыя бруд гэты палівае некалькі гадоў. І сёння Расея прачнулася, узяла гэты бруд і выліла чарговым разам. Каму гэта цікава?» — сказаў А. Лукашэнка. — «А мяне папракаюць у тым, што я ўзяў паўзу, таму што мне няма чым адказаць. Я на бруд не збіраюся адказваць. Людзі разбяруцца».
«Хацелася б камусьці, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі. Таму ў саюзнай дзяржаве нам падкідалі не Канстытуцыю прымаць, як у дамове запісана, а прапаноўвалі адзіную валюту ў выглядзе расейскага рубля, а эмісія грошай будзе толькі ў Расеі.Вы пагадзіліся б на гэта? Бяспраўная Беларусь і паўнапраўная Расея. Калі нешта трэба, бяжы пад Крэмль, стукай у дзверы або станавіся на калені штосьці выпрошваць. Навошта Расеі такая форма стасункаў з Беларуссю?» — працягнуў А. Лукашэнка.
Закранаючы пытанне прызнання Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, А. Лукашэнка заўважыў: «Яны кажуць: «Беларусь не прызнала Асецію і Абхазію».
Дазвольце, а што, Літва прызнала? Не. Але вы ж Літву так ня квасіце. Казахстан і Ўкраіна, з якімі Расея быццам бы сябруе сёння, прызналі Асецію і Абхазію? Не, не прызналі. Дык чаму такое стаўленне да Беларусі? Значыць, справа не ў Асеціі і Абхазіі», — дадаў А. Лукашэнка.Радыё «Свабода»