Уладзімір Макей назваў абсурднымі заявы, што Аляксандр Лукашэнка мог абмяркоўваць з Патрыярхам Канстанцінопальскім магчымасць аўтакефаліі БПЦ

Источник материала:  

Паведамленні шэрагу расійскіх СМІ аб тым, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нядаўняга візіту ў Турцыю мог абмяркоўваць з Патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем магчымасць стварэння аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы, абсурдныя і правакацыйныя, заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Такія паведамленні, якія з'явіліся ў расійскай прэсе, — чарговая гнюсная правакацыя, якіх апошнім часам становіцца ўсё больш", — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, "беларусы ўжо адкрыта смяюцца над чарадой інфармацыйных вутак, якія сілком заганяюцца расійскімі паляўнічымі на тэрыторыю Беларусі, і лічаць, што дзень прайшоў сумна, калі такіх вутак не было". "Учора гэта была хлусня аб тым, што Аляксандр Лукашэнка разглядае магчымасць выхаду Беларусі з Мытнага саюза, АДКБ і іншых інтэграцыйных структур у выпадку непрызнання Расіяй прэзідэнцкіх выбараў, сёння гэта хлусня аб намеры Беларускай праваслаўнай царквы аддзяліцца ад РПЦ, а заўтра гэта ўжо будуць парасячыя віскі аб тым, што ў Беларусі прыцясняюць і забіваюць рускіх, — заявіў Уладзімір Макей. — Гэта выпрабаваныя яшчэ з часоў Гебельса прыёмы, якімі сёння не грэбуюць ідэолагі ў Расіі, якія задаюць тон".

"Што датычыцца абсурднасці заяў аб перагаворах Аляксандра Лукашэнкі і Патрыярха Канстанцінопальскага адносна стварэння нейкай аўтакефаліі, то я хачу праінфармаваць тых, хто шалее па гэтай прычыне, што Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл быў у курсе плануемага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Турцыю і асабіста благаславіў сустрэчу кіраўніка дзяржавы і Патрыярха Варфаламея", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

"Усё астатняе — гэта з разраду домыслаў", — дадаў Уладзімір Макей.

←Американский конгрессмен встретился с высшими белорусскими чиновниками

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика