Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з рабочым візітам у Кітаі, 10 кастрычніка наведаў Сусветную выставу
«ЭКСПА-2010» у Шанхаі, дзе пабываў у нацыянальных павільёнах Беларусі і Кітая.
Таксама кіраўнік дзяржавы узяў удзел у цырымоніі сімвалічнага адкрыцця Беларуска-кітайскага тэхнапарка ў горадзе Чанчунь у павільёне экспазіцыі правінцыі Цзілінь.
На 11 кастрычніка запланавана сустрэча Лукашэнкі са старшынёй КНР Ху Цзіньтао
і ўдзел у адкрыцці зборачнай вытворчасці кар’ерных машын БелАЗа, таму самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы вылеціць сёння ў з Шанхая ў Пекін позна вечарам.
«Нашы адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай маюць характар стратэгічных. У нас выдатныя адносіны з Кітаем, — сказаў Лукашэнка 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі журналістам расійскіх СМІ. — Дастаткова сказаць, што напярэдадні былых прэзідэнцкіх выбараў, 5 гадоў таму, тагачасны прэзідэнт Кітая Цзян Цзэмінь прыехаў сюды і ў адкрытую, на злосць Захаду, Амерыцы, падтрымаў і мяне, і Беларусь. Спецыяльна прыехаў сюды. Я думаю, што нам трэба цаніць такое стаўленне вялікага Кітая да Беларусі. (…) Некаторыя выказваюць заклапочанасць у Расіі адносінамі Беларусі з Кітаем. (…)
Я павінен сказаць, што на сённяшні дзень, калі ўзважваць інвестыцыі Кітая і Расіі, то ў Расіі, напэўна, не на парадак, а на некалькі парадкаў аб’ёмы інвестыцый, уласнасці тут больш чым у Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але Кітай актыўна ідзе на беларускі рынак. І мы гэтаму рады».
Сусветная выстава «ЭКСПА-2010» праводзіцца ў Шанхаі з 1 мая па 31 кастрычніка 2010 года. Удзел у ёй бяруць 192 дзяржавы і 54 міжнародныя арганізацыі. Тэматыка выставы — «Лепшы горад — лепшае жыццё» — дэманструе намаганні кожнай дзяржавы па стварэнні найбольш камфортнага асяроддзя пражывання насельніцтва гарадоў.
Павільён беларускай экспазіцыі складае 1 тыс. кв. м, палова з якіх прадстаўлена кітайскімі арганізатарамі на бязвыплатнай аснове. Ён размешчаны ў цэнтры «плошчы Еўропы» побач з павільёнамі Босніі і Герцагавіны, Чэхіі, Славакіі і Партугаліі.
«ЭКСПА-2010» задумана арганізатарамі як найбуйнейшая ў гісторыі сусветных выстаў па занятай тэрыторыі, колькасці наведвальнікаў і колькасці ўдзельнікаў. Правядзенне выставы таксама павінна пацвердзіць статус Шанхая як найбуйнейшага дзелавога цэнтра Азіі. Чакаецца, што за ўвесь перыяд працы выставу наведаюць больш за 70 млн. чалавек.