Прадстаўнік Мінска: Патрабаванні Рады Еўропы да Беларусі завышаныя
05.10.2010 16:15
—
Новости Политики
Андрэй Бушыла. Фота: sb.by |
Андрэй Бушыла назваў адносіны з Радай Еўропы “няпростымі”, аднак, паводле ягоных словаў, гэта не азначае, што ўсе 318 дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) не гатовыя развіваць стасункі з нашай краінай. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі ўвесну на галасаванні па рэзалюцыі аб спыненні кантактаў з Беларуссю на вышэйшым узроўні бралі ўдзел толькі 67 з 318 дэпутатаў. “Дзе логіка? Як 20% дэпутатаў могуць рашаць за ўсю асамблею?”, - сказаў Бушыла, дадаўшы, што “паслядоўнасць ў дзеяннях ПАРЕ не заўжды прасочваецца”.
Каментуючы ўчорашнюю заяву прэзідэнта ПАРЕ Меўлюта Чавушоглу аб тым, што "пазітыўных крокаў з боку Беларусі ў накірунку Рады Еўропы няма", беларускі дыпламат адзначыў: "Пытанне ў тым, ці хочаш ты бачыць пазітыўныя крокі, ці не”.
У якасці прыкладу Бушыла прывёў круглы стол па праблеме адмены смяротнага пакарання, які прайшоў у Мінску 23 верасня, атрымаўшы ўхвальныя адзнакі ад гендырэктара Генеральнага дэпартамента Рады Еўропы па правах чалавека і юрыдычных пытаннях Філіпа Буая.
“Ёсць абмен меркаваннямі паміж бакамі, у Мінску адбываецца маса мерапрыемстваў па лініі Рады Еўропы”, - сказаў Бушыла, звярнуўшы ўвагу прысутных на словы прэзідэнта ПАРЕ аб тым, што той з’яўляецца сябрам Беларусі і гэтых “сяброў у краінах-удзельніках Рады Еўропы становіцца ўсё болей”.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта TUT.BY, якія патрабаванні Рады Еўропы ёсць для беларускіх уладаў непрымальнымі, спадар Бушыла заўважыў, што слова “патрабаванне” ў дадзеным выпадку недарэчнае.
“Мы хацелі б, каб сітуацыя ў Беларусі ацэньвалася больш аб’ектыўна, з улікам усёй паўнаты працэсаў, не акцэнтуючы ўвагу на штучна створаных негатыўных момантах. Мы бы хацелі, каб да Беларусі ставіліся гэтаксама, як і да ўсіх сяброў Рады Еўропы, - сказаў Андрэй Бушыла. - Еўрапейскія палітыкі – нават, калі яны прыязджаюць у Беларусь - не заўжды бачаць, якога ўзроўню развіцця дасягнула наша краіна, і не заўжды дзеляцца пазітыўнымі ўражаннямі з калегамі, грамадскасцю на Захадзе”.
У той жа час дыпламат заўважыў, што патрабаванні аб ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ёсць “завышанымі”, бо Беларусь не з’яўляецца сябром Рады Еўропы.
“Апроч таго хачу дадаць, што нават не ўсе краіны-сябры Рады Еўропы паставілі подпісы пад пратаколамі №6 і №13 (дакументы, якія на заканадаўчым узроўні ўвялі забарону на выкарыстанне смяротнага пакарання ў краінах Рады Еўропы – TUT.BY). Беларусь жа з’яўляецца адзінай краінай Еўропы, дзе пытанне смяротнага пакарання ў 1996 годзе было вынесена на агульнарэспубліканскі рэферэндум".
Нагадаем, у той час, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ёсць асноўнай умовай для ўзнаўлення статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі ў ПАРЕ, у сакавіку было растраляна двое асуджаных, а ў верасні вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд. Па даных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, пачынаючы з 1991 года, у Беларусы былі пакараны смерцю каля 400 чалавек.
Па словах прадстаўніка Беларусі ў Страсбурзе, беларускі бок знаходзіцца ў пастаянным кантакце з дакладчыкам ПАРЕ па Беларусі Сінікай Хурскайнен. “Мы забяспечваем яе аб’ектыўнай інфармацыяй пра працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Ад таго, якія ідэі будуць закладзены ў даклад, будзе залежыць далейшы лёс стасункаў Беларусі і Рады Еўропы”.
Спецыяльная справаздача з аналізам сітуацыі ў Беларусі павінна быць прадстаўлена да 1 кастрычніка 2011 года.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў Страсбурзе таксама распавёў, што цяпер вядзецца работа над уцягаваннем прадстаўнікоў Беларусі ў працу міжурадавых камісій Рады Еўропы. Гэтак, цяпер Беларусь прадстаўленая ў дзесяці камісіях і мае намеры яшчэ адносна сямі. Наша краіна на сёння ратыфікавала 8 з 200 існуючых канвенвенцый Рады Еўропы і мае ў планах далучэнне яшчэ да дзесяці дакументаў.
Нагадаем, Беларусь - адзіная ў Старым Свеце краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы і ніяк не прадстаўленая ў яе Парламенцкай асамблеі. Беларускі парламент пазбавіўся статусу спецзапрошанага ў ПАРЕ, якім валодаў з верасня 1992 па студзень 1997 года, пасля рэферэндуму-1996, які даў вялікія паўнамоцтвы прэзідэнту за кошт парламенту. Тады Рада Еўропы прызнала змененую Канстытуцыю, як і праведзеныя ў Беларусі перавыбары ў парламент, недэмакратычнымі. Аднаўленне дыялогу адбылося ў 2009-м годзе, калі ПАРЕ вырашыла змяніць палітыку ізаляцыі, якая, на іх думку, не прынесла плёну, на дыялог. Тады ж на базе Белдзяржуніверсітэта ў Мінску адбылося адкрыццё інфармацыйнага пункта Рады Еўропы, рэгістрацыя якога сёлета была падоўжана.