Новыя законы для будучага краіны
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
Мы адкрываем пятую сесію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання напярэдадні важнейшых палітычных падзей: чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, на якім трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на новую пяцігодку, і пачатай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзяржаву і ўвесь наш народ чакае сур'ёзны і адказны экзамен на палітычную сталасць. І ад таго, як мы вытрымаем гэты экзамен, залежаць перспектывы далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Паважаныя калегі!
У гэтым кантэксце наша асенняя сесія мае асаблівае значэнне. Нам трэба будзе разгледзець больш як 50 законапраектаў. У міжсесійны перыяд яны былі дэталёва прапрацаваны спецыялістамі-практыкамі сумесна з іншымі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу і гатовы да разгляду.
У першую чаргу, тут трэба адзначыць пакет законапраектаў эканамічнага блока, што складаецца з чатырох праектаў законаў, у тым ліку Закона "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год" і Закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год", якія нам трэба будзе разгледзець сёння. Гэтыя праекты законаў распрацаваны з улікам нядаўніх змяненняў падатковага і бюджэтнага заканадаўства.
Вялікае значэнне для эканомікі краіны будуць мець таксама папраўкі ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя прапануемых змяненняў у названыя кодэксы ў сукупнасці з мерамі па паляпшэнні падатковага адміністравання павінна дазволіць у 2011 годзе максімальна наблізіць айчынную бюджэтную і падатковую сістэму да сусветных фінансавых стандартаў, забяспечыць празрыстасць бюджэтнага працэсу і дадаткова накіраваць на развіццё эканомікі больш за 700 млрд руб.
На стварэнне адзінага прававога поля ў сферы адукацыі накіраваны Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Гэта першы не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй постсавецкай прасторы кадыфікаваны нарматыўны прававы акт у гэтай галіне. З яго прыняццем завяршаецца асноўная стадыя фарміравання стабільнай і паслядоўнай сістэмы нацыянальнай адукацыі. Умацаванню прававых асноў у галіне жыллёвых адносін паслужыць новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса. Сярод яго навацый — палажэнні законаў аб прыватызацыі жыллёвага фонду, сумесным домаўладанні, пашырэнні правоў і канкрэтызацыі абавязкаў грамадзян і арганізацый у жыллёвай сферы. У новай рэдакцыі кодэкса будзе ўрэгуляваны шэраг жыццёва важных пытанняў, што датычацца аплаты жыллёва-камунальных паслуг, вызначэння аб'ектаў і абмежаванняў па адчужэнні і іпатэцы жылых памяшканняў, кіравання нерухомай маёмасцю, арэнды і г.д.У мэтах юрыдычнага забеспячэння развіцця малой энергетыкі распрацаваны праект Закона "Аб аднаўляльных крыніцах энергіі". З яго прыняццем будзе створана прававая аснова для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы станаўлення і развіцця малой энергетыкі. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню энергетычнай бяспекі краіны і дасць магчымасць захаваць неаднаўляльныя крыніцы энергіі для будучых пакаленняў.
Далейшаму заканадаўчаму забеспячэнню ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый, падтрымкі і абароны сельгасвытворцаў, стабільнасці аграрнага рынку паслужыць Закон "Аб аграпрамысловай вытворчасці".
Будзе прадоўжана работа па ўмацаванні прававых асноў грамадзянскай супольнасці, законнасці і правапарадку. Значную ролю ў гэтым адыграюць папраўкі ў шэраг нарматыўных прававых актаў, у тым ліку ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Гэтыя змяненні і дапаўненні накіраваны на дэмакратызацыю крымінальнага заканадаўства і павінны садзейнічаць больш поўнай кампенсацыі нанесенага ўрону.
Далейшаму развіццю інстытута трацейскага разбору будзе садзейнічаць прыняцце Закона "Аб трацейскіх судах". Укараненне альтэрнатыўных форм правасуддзя дасць магчымасць зменшыць колькасць зваротаў у суды, паскорыць вырашэнне спрэчных пытанняў і скароціць нагрузку на суддзяў.
Акрамя таго, у сесійны перыяд плануецца ўнесці папраўкі ў законы "Аб дарожным руху", "Аб электрасувязі", па пытаннях архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці і інш. Будуць разглядацца таксама законапраекты, што рэгулююць адносіны ў сферы нацыянальнай бяспекі і знешняй працоўнай міграцыі.
Трэба будзе прыняць шэраг рашэнняў па развіцці дагаворна-прававых адносін з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. У прыватнасці, намечана ратыфікаваць міжурадавыя пагадненні з Фінляндскай Рэспублікай, Кітайскай Народнай Рэспублікай, Латвійскай Рэспублікай, Расійскай Федэрацыяй і Чарнагорыяй.
Усе пералічаныя пытанні з'яўляюцца жыццёва важнымі для нашай краіны і нашых грамадзян, і прыняцце адпаведных законаў, несумненна, будзе садзейнічаць далейшаму развіццю дзяржавы і грамадства.
Паважаныя калегі!
Важнейшым напрамкам нашай дзейнасці з'яўляецца работа ў рэгіёнах. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. неаднаразова падкрэсліваў, што вышэйшае прызванне парламентарыя — дапамагчы кожнаму чалавеку, калі ў яго склаліся няпростыя жыццёвыя абставіны, падтрымаць.
У перыяд паміж сесіямі члены Савета Рэспублікі рэгулярна сустракаліся з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, растлумачвалі сацыяльную і эканамічную палітыку беларускай дзяржавы, сутнасць і змест прынятых намі законаў, ажыццяўлялі індывідуальны прыём грамадзян. Гэта работа праводзілася ў адпаведнасці з планам, зацверджаным Прэзідыумам Савета Рэспублікі.
У ліпені—верасні нашымі сенатарамі было праведзена больш як 160 асабістых прыёмаў грамадзян, на якіх прынята каля тысячы чалавек. Непасрэдна ў Савеце Рэспублікі на асабістым прыёме пабывала больш за 40 чалавек, разгледжана 150 пісем і скаргаў грамадзян. Іх аналіз, у прыватнасці, паказаў, што 45 працэнтаў зваротаў датычацца пытанняў законнасці і абгрунтаванасці судовых пастаноў і правамернасці прынятых рашэнняў, 30 працэнтаў — праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай абароны.
Не ўсе скаргі маглі быць у поўнай меры задаволены, паколькі не заўсёды для гэтага былі дастатковыя падставы. Але, на жаль, і абгрунтаваныя скаргі ўсё яшчэ маюць месца. І з'яўленне такіх скаргаў з'яўляецца сведчаннем таго, што ў мясцовых органах улады ўсё яшчэ ёсць сістэмныя недапрацоўкі, іншы раз праяўляюцца бюракратызм і фармальныя адносіны да чалавека.
Наша задача як сенатараў, гэта значыць людзей аўтарытэтных і надзеленых вялікімі паўнамоцтвамі, — актыўна ўмешвацца ў гэтыя пытанні, прымушаць мясцовыя органы ўлады больш аператыўна вырашаць узнікаючыя праблемы. Хачу асабліва падкрэсліць, што кожны з нас павінен не толькі ўдзельнічаць у прыёме грамадзян, але і прасочваць да канца выкананне прынятых рашэнняў і рэкамендацый па кожным выпадку. Пытанне павінна знаходзіцца ў вас на кантролі да яго поўнага вырашэння — або задавальнення скаргі ці просьбы, што паступіла, або матываванай адмовы ў яе выкананні.
У той жа час неабходна больш строга падыходзіць да разгляду неабгрунтаваных скаргаў і заяў. З'явілася нямала "прафесійных скаржнікаў" з празмернымі і неабгрунтаванымі прэтэнзіямі. Як гаворыць кіраўнік дзяржавы: "Тут мы людзей крыху разбалавалі". У гэтым пытанні не трэба дапускаць перакосу і выстаўляць чыноўнікаў крыніцай усіх нашых бед. Кантралюючы і справядліва крытыкуючы дзеянні мясцовых улад, чыноўнікаў на месцах, мы павінны звяртаць увагу не толькі на іх абавязкі перад насельніцтвам, але і на абавязкі і адказнасць кожнага грамадзяніна перад дзяржавай і грамадствам.
Адным з напрамкаў дзейнасці Савета Рэспублікі па-ранейшаму будзе заставацца сістэмная работа з Саветамі дэпутатаў усіх узроўняў.
Нам трэба ўдасканальваць практыку ўдзелу членаў Савета Рэспублікі ў рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў. Сёння кожная чацвёртая сесія Саветаў дэпутатаў абласнога і базавага ўзроўняў праходзіць з нашым удзелам. Гэта дае магчымасць валодаць інфармацыяй аб стане спраў на месцах, своечасова выяўляць вузкія месцы ў жыцці рэгіёнаў, сумесна выпрацоўваць канкрэтныя механізмы вырашэння праблем. Удзельнічаючы ў рабоце сесій, сенатары не павінны адмоўчвацца, пасіўна сядзець у прэзідыуме. Неабходна выкарыстоўваць кожную такую магчымасць для інфармавання аб галоўных напрамках дзяржаўнай палітыкі, задачах, што стаяць перад краінай, і тых мерах, якія прымаюцца для павышэння дабрабыту людзей.
Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць Саветам дэпутатаў пярвічнага ўзроўню. Асобныя з іх яшчэ слаба ўплываюць на развіццё сваіх тэрыторый, недастаткова мэтанакіравана працуюць над папаўненнем мясцовага бюджэту. Значная колькасць мясцовых бюджэтаў усё яшчэ з'яўляецца датацыйнай, і гэта — адна з праблем, без вырашэння якой мы не зможам у поўнай меры забяспечыць дзейсную ролю сельскіх і пасялковых Саветаў у кіраванні сваімі населенымі пунктамі.
Як вядома, цяпер шэраг функцый па добраўпарадкаванні тэрыторый перададзены ад сельскіх Саветаў на раённы ўзровень. У прынцыпе гэта правільна, паколькі сваімі сіламі сельскія Саветы не могуць вырашаць задачы, якія патрабуюць значных матэрыяльных затрат і сур'ёзнага тэхнічнага забеспячэння. Аднак ужо цяпер можна бачыць, што ў сувязі з гэтым узнікае праблема некаторага адхілення мясцовай улады ад вырашэння непасрэдных патрэб жыхароў сваёй вёскі або пасёлка. Неабходна разабрацца ў гэтай праблеме і знайсці такое рашэнне, якое ўзмацніла б магчымасць і зацікаўленасць Саветаў пярвічнага ўзроўню ў самастойным вырашэнні пытанняў жыцця вёскі.
У шэрагу рэгіёнаў ёсць добры вопыт вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, у тым ліку ў вёсцы. Там мясцовыя органы ўлады ажыццяўляюць развіццё тэрыторый з улікам узаемнай адказнасці дзяржавы, мясцовай улады і суб'ектаў гаспадарання, уключаючы прыватны бізнэс. Трэба пераймаць і шырэй распаўсюджваць такі вопыт па рэспубліцы.
Гэтыя пытанні будуць абмеркаваны ў канцы кастрычніка на чарговым выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, якое пройдзе на базе Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў.
У рамках гэтага пасяджэння на прыкладзе двух сельскіх Саветаў дэпутатаў будзе прадэманстравана работа аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (АІС) "Мясцовыя Саветы дэпутатаў", якая цяпер уводзіцца ў дзеянне. Яе выкарыстанне дасць магчымасць аптымізаваць справаводства, у тым ліку значна скараціць час на апрацоўку інфармацыі і падрыхтоўку дакументаў, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы Саветаў.
Развіваючы гэту тэму, павінен сказаць, што ў чацвёртым квартале гэтага года апрабацыя АІС "Мясцовыя Саветы дэпутатаў" будзе праведзена на прыкладзе аднаго раёна ў кожнай вобласці рэспублікі, а на працягу 2011 года неабходна будзе ўкараніць гэту АІС ва ўсіх мясцовых Саветах дэпутатаў Рэспублікі Беларусь.
Упэўнены, што ў гэтай важнай дзяржаўнай справе прымуць самы актыўны ўдзел старшыні абласных выканаўчых камітэтаў — члены Савета Рэспублікі. Без іх дапамогі цяжка будзе вырашыць многія арганізацыйныя і фінансавыя пытанні ўкаранення АІС.
Паважаныя калегі!
Як паказвае практыка, важны інструмент у нашай рабоце з насельніцтвам — сістэмнае і мэтанакіраванае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Апошнім часам супрацоўніцтва членаў Савета Рэспублікі са сродкамі масавай інфармацыі прыкметна актывізавалася. У рэспубліканскіх і мясцовых СМІ стала больш публікацый і паведамленняў аб сустрэчах з насельніцтвам, аб правядзенні асабістых прыёмаў грамадзян. Напрыклад, толькі ў міжсесійны перыяд больш як у 140 газетных публікацыях расказвалася аб гэтых і іншых аспектах дзейнасці Савета Рэспублікі.
Найбольш актыўна выступалі ў сродках масавай інфармацыі члены Прэзідыума Савета Рэспублікі, а таксама члены Савета Рэспублікі Атрашкевіч Алена Віктараўна, Мароз Лілія Францаўна, Аверын Віктар Сяргеевіч, Рабец Валерый Васільевіч, Дзюжаў Андрэй Анісімавіч, Сакалоўская Людміла Карнееўна, Ятусевіч Антон Іванавіч, Манько Наталля Віктараўна, Падаляк Алена Міхайлаўна, Парахневіч Ірына Міхайлаўна, Мароз Юрый Дзмітрыевіч, Крыштаповіч Міхаіл Васільевіч, Місюра Раіса Аляксееўна і інш.
Гэта важны бок нашай дзейнасці, і мы павінны яе пастаянна ўдасканальваць. У прыватнасці, падрыхтаваны ўжо тэматычныя графікі выступленняў членаў Савета Рэспублікі ў СМІ аб парламенцкай і прафесійнай дзейнасці, па законапраектах, якія будуць разгледжаны ў ходзе пятай сесіі.
У кастрычніку—лістападзе ў Савеце Рэспублікі пройдуць сустрэчы з рэдактарамі абласных, гарадскіх і раённых газет. Нам трэба максімальна эфектыўна выкарыстаць іх для данясення інфармацыі аб дзейнасці нашага Парламента, аб унутранай і знешняй палітыцы нашай дзяржавы. Трэба не баяцца закранаць вострыя пытанні, якія хвалююць нашых грамадзян, і даваць па іх аргументаваныя і зразумелыя тлумачэнні.
Павінен таксама адзначыць, што сёння сталі больш эфектыўна выкарыстоўвацца магчымасці вэб-сайта Савета Рэспублікі.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
У міжсесійны перыяд важнае месца адводзілася пашырэнню міжнародных і міжпарламенцкіх кантактаў. Значны імпульс развіццю міжпарламенцкага беларуска-сірыйскага супрацоўніцтва надала сустрэча кіраўнікоў палат беларускага Парламента з Прэзідэнтам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў ходзе яго візіту ў Мінск. Важнейшыя напрамкі беларуска-кітайскага супрацоўніцтва абмеркаваны ў Савеце Рэспублікі з Намеснікам Старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў.
Дэлегацыя Савета Рэспублікі ўдзельнічала ў рабоце Трэцяй Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў у Жэневе, дзе намі быў прадстаўлены даклад з інфармацыяй аб ролі парламентарыяў у справе развіцця палітычнай сістэмы нашай краіны і ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва па праблемах, якія ўяўляюць глабальны інтарэс. У ходзе гэтага мерапрыемства прайшлі нашы сустрэчы з кіраўнікамі парламентаў Азербайджана, Балгарыі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Султаната Аман, Індыі і Італіі. У складзе дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь члены Савета Рэспублікі ўдзельнічалі ў 19-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Вялікае значэнне надавалася развіццю двухбаковых адносін з парламентамі замежных дзяржаў. У прыватнасці, далейшае развіццё атрымалі нашы кантакты з парламентамі Чэхіі, Даніі, Эстоніі і Літвы.
Прадаўжаўся канструктыўны дыялог з еўрапейскімі парламенцкімі структурамі. У Савеце Рэспублікі адбылася важная сустрэча са старшынёй падкамітэта па Беларусі, новым дакладчыкам па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях ПАСЕ пані Хурскайнен.
У канцы верасня ў Мінску члены Прэзідыума Савета Рэспублікі ўдзельнічалі ў пасяджэнні круглага стала на тэму "Аб шляху ў напрамку адмены пакарання смерцю ў Беларусі", арганізаваным Сакратарыятам Савета Еўропы сумесна з парламентарыямі Рэспублікі Беларусь. У ходзе гэтага пасяджэння быў прааналізаваны вопыт еўрапейскіх дзяржаў, адбыўся абмен меркаваннямі аб перспектывах адмены гэтага віду пакарання ў нашай краіне.
Савет Рэспублікі будзе прадаўжаць работу па пашырэнні кантактаў з парламентамі замежных краін, актыўна супрацоўнічаць з міжпарламенцкімі арганізацыямі. У прыватнасці, забяспечаны ўдзел дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у 123-й Асамблеі МПС, якая пачынаецца сёння ў Жэневе, у планавых міжпарламенцкіх мерапрыемствах у рамках СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ, а таксама Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Улічваючы значнасць пытання, хачу спыніцца на важнейшых задачах Савета Рэспублікі, звязаных з маючай адбыцца выбарчай кампаніяй.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — наша агульная справа. Ніхто не павінен застацца ўбаку. Свой уклад у іх падрыхтоўку і правядзенне павінен унесці і Савет Рэспублікі. Мы павінны мабілізаваць існуючы ў нас патэнцыял і папрацаваць так, каб усе этапы выбарчай кампаніі прайшлі ў строгай адпаведнасці з дзеючым нацыянальным заканадаўствам, каб былі забяспечаны высокі ўзровень арганізацыі выбарчага працэсу, дакладная, зладжаная работа выбарчых камісій.
Неабходна істотна актывізаваць работу з насельніцтвам, асабліва па месцы жыхарства. На асаблівым рахунку павінны быць аддаленыя і малалікія вёскі. Трэба дайсці да кожнага чалавека, каб ён пранікнуўся пачуццём грамадзянскай адказнасці і ўсвядоміў неабходнасць свайго ўдзелу ў гэтай жыццёва важнай для краіны палітычнай кампаніі.
Гэту работу трэба весці, максімальна выкарыстоўваючы рэсурс дэпутатаў мясцовых Саветаў. У красавіку гэтага года ў іх склад выбраны найбольш актыўныя і дастойныя грамадзяне, здольныя ўнесці істотны ўклад у работу з насельніцтвам і арганізацыю мерапрыемстваў, звязаных з правядзеннем выбараў.
Членам Савета Рэспублікі неабходна часцей выступаць у вучэбных і вытворчых калектывах, асвятляючы дзейнасць нашага Парламента, растлумачваючы сутнасць унутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы, развейваючы тыя палітычныя міфы, якія ў вялікай колькасці насаджаюцца сёння ў недружалюбных нам сродках масавай інфармацыі. Пры арганізацыі і правядзенні гэтай работы важна ўлічваць асаблівасці і інтарэсы розных груп насельніцтва.
Выкарыстоўваючы мясцовыя СМІ, неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу інфармаванню насельніцтва аб падрыхтоўцы і рэалізацыі ў рэгіёнах рэспубліканскіх і рэгіянальных сацыяльна-эканамічных праграм, накіраваных на павышэнне ўзроўню жыцця людзей, і ролі Парламента ў вырашэнні гэтых пытанняў.
Перакананы, што 19 снежня краіна прадэманструе ўсёй міжнароднай супольнасці адкрытасць сваёй палітыкі і дэмакратычнасць нашых выбараў. Разам з тым мы не прымаем якога-небудзь умяшання ў працэс волевыяўлення нашых грамадзян. У адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй толькі беларускі народ можа і будзе выбіраць свайго Прэзідэнта.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Дазвольце на гэтым завяршыць сваё выступленне, пажадаць усім нам зладжанай, эфектыўнай работы і перайсці да пытанняў сённяшняга пасяджэння.