Лукашэнка: Мяне мочыць каманда Мядзведзева
Лукашэнка пачаў традыцыйна, што «беларусы і рускія — адзін народ», але вымушаны жыць у розных дзяржавах. Фактычна, кіраўнік краіны прызнаў, што запрасіў журналістаў у адказ на «бессаромную хлусню», якая з’яўляецца ў цэнтральных расійскіх СМІ.
«Я ведаю, што для вашых журналістаў робяцца перашкоды, каб не дай Бог трапілі ў Беларусь. Я не буду прасіць вас пісаць пра нашу краіну ў вясёлкавых фарбах. Мы не пакрыўджаны на расійскі народ», — сказаў Лукашэнка. А тыя непаразуменні, што існуюць сёння ў між краінамі аднёс у віну «кучцы палітыкаў, хай і высокапастаўленых».
«Там, дзе палітыка яшчэ не ўмяшалася, адносіны ідуць добра. Найперш на ўзроўні людзей. Мы ад гэтага адмаўляцца не будзем. А вось з губернатарамі стала цяжэй», — кіраўнік дзяржавы папікнуў суседнюю дзяржаву, што там губернатары перасталі абірацца людзьмі. Нібыта ў нас абіраюцца.Што датычыць адносін з вышэйшым кіраўніцтва, то «мякка кажучы, яны жадаюць быць лепшымі». «Але такая тактыка сыдзе на „не“. Страціць Беларусь для Расіі — гэта катастрофа. Мы самы блізкі народ. Калі будзе на тое воля, то адносіны можна наладзіць, а то пераўзыйсці за тры ці шэсць месяцаў», — Лукашэнка нібыта кажа, што гатовы забыцца на ўсё старое і пачаць будаваць адносіны з нуля.
Што датычыць інфармацыйнай атакі на расійскіх каналах, то Лукашэнка кажа, што ведае замоўцаў. «Расіяй бы больш займаліся, больш толку было. Канечне, мы маўчаць не будзем на гэта. Але на што пакуль адказваць? На тое, што я штогод краду 7 мільярдаў даляраў?».Тым не менш, Лукашэнка лічыць, што мочаць яго ніякія не СМІ, а каманда Мядзведзева. Каманда Пуціна таксама з гэтым згодная. «Гэта тыя самыя людзі, што мачылі Рахімава, Ілюмжынава, Лужкова».
Лукашэнка расказаў пра выпадак як адзін з журналістаў ОРТ вучыў Станіслава Шушкевіча заплакаць на пахаванні журналіста Алега Бябеніна. Сам Лукашэнка зазначыў, што ніколі не чуў пра такога журналіста да ягонай смерці.
Чарговая порцыя крытыкі дасталася ўбок апазіцыі, якая з’яўляецца на расійскіх тэлеканалах. «Нармальна адношуся. Больш дзівіць пазіцыя расійскага кіраўніцтва. Яна не ведае, хто такая апазіцыя? Гэтыя людзі на дух не пераносяць Расію».
Кіраўнік краіны зазначыў, што ведае з якіх крыніц фінансуецца апазіцыя. Вось нядаўна быў затрыманы кур’ер з 200 тысячамі даляраў. Пляцоўкі для перадачы грошай створаныя ў Літве, Польшчы і Германіі. Наўпрост з Расіі не вязуць», — кажа Лукашэнка.
На ягоную думку, Расія ставіць на бесперспектыўных палітыкаў, таму гэта ўсё несур’ёзнае. Можа быць, проста для таго, каб папалохаць яго.
Лукашэнка зноў зазначыў, што ведае ўсіх апазіцыянераў пайменна. «Іх 400 чалавек баявы атрад, 800 — выходзіць на акцыі. Ну можа 100 тысяч гатова падтрымаць на выбары».Найбольш эмацыйным Лукашэнка быў, калі гаворка зайшла пра энергарэсурсы. «З намі паступілі, як з злейшым ворагам», — гаварыў Лукашэнка пра павышэння коштаў на газ і нафту.
«Я не ведаю, што будзе з Мытным саюзам. Казахі таксама незадаволеныя», — кіраўнік краіны казаў пра тое, што Расія перакрыла беларускім таварам выхад на расійскі рынак, бо мясцовая прадукцыя проста не вытрымлівае канкурэнцыі.
Што датычыць паставак нафты з Венесуэлы, то гэта не ад добрага жыцця.
Зміцер Панкавец