Някляеў пачаў фармаванне ініцыятыўнай групы

Источник материала:  
16.09.2010 12:50 — Новости Политики
У Мінску праходзіць першы сход прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева.

На ім прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіянальных прадстаўніцтваў кампаніі «Гавары праўду!», якія і складуць аснову ініцыятыўнай групы кандыдата.

Сход праходзіць у памяшканні офіса партыі БНФ. Як зазначыў сам Някляеў, «нічога іншага нам знайсці не ўдалося, таму дзякуем БНФ за гэту магчымасць». Памяшканне для першага сходу насамрэч было не зусім прыстасаванае — не ўсе ахвотныя змаглі трапіць на сход праз абмежаваную колькасць месцаў, а хто трапіў — адчувалі дыскамфорт праз перапоўненасць памяшкання. Яно, дарэчы, было багата аздобленае банэрамі «Гавары праўду!» і новымі кандыдацкімі, са шматлікімі выявамі Някляева.

Сход выклікаў цікавасць у журналістаў. Сярод прадстаўнікоў беларускіх незалежных СМІ выдзялялася здымачная група Першага канала расійскага тэлебачання.

Мерапрыемства распачаў сам кандыдат. «Сёння афіцыйны дзень. Ад пачатку існавання кампаніі „Гавары праўду!“ мы заяўлялі аб магчымасці ўдзелу ў выбарах, калі яны будуць абвешчаныя. Некалькі дзён таму абвясцілі дату правядзення выбараў, таму мы заяўляем сёння, што будзем браць у іх удзел», — паведаміў У.Някляеў на пачатку.

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» таксама не прамінуў паўтарыць сваю ўпэўненасць у перамозе на выбарах, якую агучыў некалькі гадзін раней на прэс-канферэнцыі журналістам:

«Я не маю сумневу, што да выбараў мы дойдзем пераможцамі. Мы вырашылі не проста ўдзельнічаць у выбарах. Мы вырашылі перамагчы».

Някляеў таксама зазначыў, што яго штаб збярэ столькі подпісаў, колькі трэба. «На сёння ў нас 1300 актывістаў па ўсёй краіне. І мы пакуль не прыцягвалі новых людзей для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Я думаю, што ў нас будзе значна больш людзей», — паведаміў лідар «Гавары праўду!».

Сход, што праходзіць у Мінску, мае сфармаваць будучыя органы каманды кандыдата і распрацаваць асноўныя накірункі дзейнасці на пачатковым этапе. 23 верасня плануецца падаць у Цэнтрвыбаркам спіс удзельнікаў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева.

Аб пачатку прэзідэнцкай кампаніі Някляева і яго перадвыбарчай праграме чытайце таксама тут і тут.

Падзяліцца навіной: 
Алесь Пілецкі

←Беларусь посещает делегация Индонезии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика