Лаўроў пра заяву Лукашэнкі: блюзнерства
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў назваў блюзьнерскай заяву аб тым, што да інцыдэнту ў амбасадзе РФ у Менску, на тэрыторыю якога былі кінутыя бутэлькі «з кактэйлем Молатава», мог быць датычным расейскі бок.
«Я не хачу камэнтаваць гэтыя блюзьнерскія заявы»,- сказаў Лаўроў, адказваючы на пытаньне Інтэрфакса ў пятніцу ў Баку.Па словах міністра, ён «чуў з паведамленьняў СМІ аб тым, што ўжо ёсьць нібыта нейкі «сьлед «, ёсьць падазраваныя». «Дачакаемся вынікаў расьсьледаваньня. Думаю, яны стануць лепшым адказам», — адзначыў ён.
Увечары 30 жніўня невядомыя кінулі на тэрыторыю расейскай амбасады 2 бутэлькі з запальнай сумесьсю, пашкодзіўшы аўтамабіль. Заведзеная крымінальная справа па артыкуле «хуліганства».
1 верасьня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праваахоўныя органы дбайна адпрацуюць вэрсію магчымай датычнасьці расейскага боку да інцыдэнту:
«Хутчэй за усё, ім, напэўна, быў патрэбны гэты інцыдэнт. Каб паказаць: бачыце, які там Лукашэнка, які ледзь ня сам зладзіў гэты тэракт, як яны самі яго называюць. Падонкі і нягоднікі. Больш я нічога сказаць не магу».
svaboda.org