Прадстаўнікі апазіцыі падпісалі пагадненне аб каардынацыі дзеянняў
Дакумент падпісалі лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, кіраўнікі аргкамітэтаў па стварэнні партый «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і Партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова.
Старшыня Беларускай
Як паведаміў Віктар Івашкевіч, прадстаўнік прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава, лідэра кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітык вызначыцца адносна падпісання дакумента на працягу найбліжэйшых двух дзён.
Пагадненне прадугледжвае, што дэмакратычныя сілы дамаўляюцца:
— правесці масавую інфармацыйную кампанію з мэтай данясення да ўсіх жыхароў Беларусі звестак пра шкоду, якую наносіць беларускаму народу палітыка цяперашняй улады;
— правесці масавую мабілізацыйную кампанію сярод выбаршчыкаў, у прыватнасці ператварыць магчымы пасіўны пратэст у форме няўдзелу ў выбарах у пратэст дзейны, каб большасць прагаласавала супраць дзейнай улады;
— арганізаваць працу з членамі выбарчых камісій, а таксама эфектыўнае назіранне на ўчастках з мэтай выяўлення фальсіфікацый і міжнароднага непрызнання сфальсіфікаваных вынікаў выбараў;
— наладзіць кантакты і правесці перамовы з урадавымі чыноўнікамі, рэгіянальнымі кіраўнікамі, дырэктарамі прадпрыемстваў і афіцэрамі МУС, якія ўжо ўсвядомілі, што ўладу трэба мяняць;
— арганізаваць унутраны і знешні націск на ўлады з мэтай змены выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі;
— заклікаць усіх нязгодных з вынікамі выбараў і незадаволеных палітыкай уладаў узяць удзел у масавых акцыях пратэсту з патрабаваннем сапраўдных свабодных выбараў.
У адпаведнасці з пагадненнем апазіцыя бярэ на сябе абавязацельства абмеркаваць пытанне аб стварэнні «каардынацыйнага цэнтра кампаніі на прынцыпах роўнасці».
БелаПАН