«Хросны бацька»-3 — мазаічны. І дэбютуе Някляеў (відэа)

На НТВ выйшаў чарговы кавалак серыяла, прысвечанага кіраўніку Беларусі. На гэты раз з капітанам Дудкіным, доктарам Шчыгельскім і псіхіятрамі з Інстытута імя Сербскага. Называецца ён: «Грошы сям’і Лукашэнкі».
Чарговая серыя фільма апавядае пра бізнэс сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Інтэрв’ю даюць былы начальнік Упраўлення МУС па барацьбе з карупцыяй Вячаслаў Дудкін, які змушаны быў уцячы з краіны пасля таго як былі спынены расследаванні карупцыйных злачынстваў з удзелам найвышэйшых чыноўнікаў. Выступаюць таксама дэпартаваныя з Беларусі расейскія прадпрымальнік Алан Пліеў і палітолаг Андрэй Суздальцаў, намеснік дырэктара Інстытута краінаў СНД, прапуцінскі палітолаг Уладзімір Жарыхін, былы следчы пракуратуры, а цяпер праваабаронца Алег Воўчак.
Дае Лукашэнку жару былы палкоўнік спецназа Барадач.
У фільме прыводзяцца й вытрымкі з заключэння псіхіятра Змітра Шчыгельскага, якое было зроблена больш як 10 гадоў таму, – псіхіятр быў вымушаны эміграваць з Беларусі. Знакаміты дыягназ Шчыгельскага – мазаічная псіхапатыя -- каментуюць дактары з маскоўскага Інстытута псіхіятрыі імя Сербскага.
У Беларусі гэты фільм перакрылі, як і папярэднія. Заміж «Мазаічнага бацькі» беларускае НТВ дэманстравала перадачу пра расейскага акцёра Міхала Баярскага, вядомага постсавецкаму гледачу ў ролі д’Артаньяна.
А ў фільме НТВ упершыню паяўляецца патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў.
Частка 1
Частка 2
Частка 3