Навумава «сватаюць» у супернікі Лукашэнкі
![]() |
photo.bymedia.net |
Такі допіс прыйшоў на сайт nn.by.
Гэтыя чуткі цыркулююць не толькі сярод палітычна заангажаваных людзей, але і між тых, хто пра палітыку гаворыць толькі на кухні.
Паўгода таму былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў з’ехаў у Маскву. Там генерал-лейтэнант Навумаў уладкаваўся на пасаду дарадцы генеральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналогіі» Сяргея Чэмезава. Гэтая структура знаходзіцца пад асабістым кантролем Уладзіміра Пуціна.
Пасля гэтага ў Мінску Навумава ніхто не бачыў, хоць сам ён кажа, што рэгулярна прыязджае. Паводле непацверджанай інфармацыі, супраць яго была заведзеная крымінальная справа. Таму пры першым перасячэнні мяжы экс-міністр можа апынуцца ў «амерыканцы».
Уладзімір Навумаў не можа быць кандыдатам у прэзідэнты хоць бы з той прычыны, што ён ураджэнец Смаленска.Паводле беларускага заканадаўства, чалавек, які нарадзіўся за межамі нашай краіны, не можа заняць найвышэйшую пасаду. Раней на гэтым апёкся комік Крыжаноўскі ў 2001.
Па-другое, выбар Навумава таксама досыць дзіўны. Наўрад ці беларусы будуць масава галасаваць за адыёзнага міліцэйскага начальніка, з якога ўсё яшчэ не знятыя падазрэнні ў гучных знікненнях апанентаў улады.
Выглядае на тое, што запускаць чуткі пра прарасійскага кандыдата Навумава могуць спецслужбы. Тут і асабістае звядзенне рахункаў (КДБ і МУС пры Навумаву жорстка супернічалі), і збіванне праціўнікаў Лукашэнкі з панталыку, каб яны спадзяваліся «на дзядзьку».
Зміцер Панкавец