Масква заганяе ў стойла

Источник материала:  
Масква заганяе ў стойлаЛукашэнка выдаў сакрэт палішынеля: Беларусь ратыфікавала Мытны кодэкс.Гэтае прызнанне вырвалася ў імпэце, калі ён даваў чарговы адлуп Мядзведзеву. Той здзекліва параіў калегу не ўлягаць у спам, а рухаць наперад Мытны звяз. Лукашэнка адплаціў той самай манетай, назваўшы рэпліку расійскага прэзідэнта балбатнёй.

Вось у такім канструктыўным кантэксце (сапраўдны дыялог саюзнікаў!) і прагучала, не без гонару нават: «Павінен вам сказаць, што мы ні на ёту не зрабілі кроку назад, ні на міліметр не адстаём у Мытным звязе ні ад Расіі, ні ад Казахстана. Мы на сённяшні дзень ратыфікавалі ўсе дамовы і пагадненні, якія датычацца Мытнага звязу. Але яны гэтага не ведаюць. Гарантыю вам даю, што не ведаюць. У адваротным выпадку не было б гэтай балбатні па тэлевізары.

Мытны кодэкс мы ратыфікавалі. Мы сёння ў той жа сістэме каардынат, што і яны».

Дзіва што не ведаюць! Ад 30 чэрвеня, калі пайшла пагалоска пра патаемнае рашэнне дэпутатаў, усе яны, як і астатнія тутэйшыя дзеячы, маўчалі бы мыла з’еўшы. Калі б не сённяшні палемічны пінг-понг з Мядзведзевым, то крылатая нацыя беларусаў так і чухала б рэпу: дык было тое ці не было?

Кажу «крылатая», бо сёння ў казённа-патэтычнай прамове на плошчы Перамогі афіцыйны кіраўнік заявіў, што «кожны з нас пачуваецца свабодным грамадзянінам свабоднай краіны, і гэтае пачуццё літаральна акрыляе, натхняе на здзяйсненні і пераўтварэнні».

Фігею з гэных спічрайтэраў. «Літаральна» — гэта значыць, што ўсе насельнікі сінявокай рэспублікі мусяць выглядаць, як херувімы. Тут жа гаворыцца акурат фігуральна.

Ды бог з ёй, з безгустоўнай стылістыкай. Галоўнае — у сутнасці:

за каго трымаюць вярхі гэты нібыта вольны люд, калі нават не лічаць патрэбным элементарна праінфармаваць аб прынятым «народнымі абраннікамі» рашэнні?

А яшчэ болей істотнае тое, што

на фоне такой навіны ўся гэта антымаскоўская фронда лопаецца як мыльная бурбалка. Калі ратыфікавалі — значыць, Масква марудна, але няўхільна заганяе ў сваё мытнае стойла.

Таму і дазваляе сабе Мядзведзеў пагарду: брыкайся, брыкайся, маўляў, усё адно нікуды не дзенешся!
Крынiца: Аляксандр Класкоўскі, Наша Ніва
←На наступным тыдні будзе вылучаны адзіны кандыдат ад апазіцыі для ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика