Журналістак Радзіну і Коктыш дапыталі зноў
Незалежных журналістак Натальлю Радзіну і Марыну Коктыш у чацьвер дапыталі — адну ў пракуратуры, другую ў КДБ. Сьледчыя цікавіліся іх прафэсійнай дзейнасьцю. Нягледзячы на тое, што журналістак дапытвалі ў розных справах, яны перакананыя, што допыты — сьведчаньне ціску на прадстаўнікоў незалежных СМІ напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Натальлю Радзіну выклікалі ў сьледчы аддзел Менскай гарадзкой пракуратуры. Дапытвалі журналістку намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу Віктар Фешчанка і намесьнік кіраўніка ўпраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій МУС Алег Пармон.Яны паведамілі Натальлі Радзінай, што імі распачата крымінальная справа супраць нявызначаных асобаў за распаўсюджваньне заведама ілжывых зьвестак у сетцы Інтэрнэт.
Падставай для крымінальнай справы сталі чытацкія камэнтары да артыкула на сайце «Хартыя’97» пад назвай «Цкаваньне ад 2007 году». Ішлося пра тое, што вэтэраны вайны ў Афганістане адмовіліся прыняць юбілейныя мэдалі з рук Аляксандра Лукашэнкі.
Сьледчыя цікавіліся, як адбываецца адміністраваньне сайту «Хартыі’97», дзе ён зарэгістраваны і дзе знаходзіцца рэдакцыя сайту.
Радыё «Свабода»