Ярмошына пакуль не гатовая праводзіць выбары ўвосень
15.06.2010
—
Новости Политики

Да гэтай даты, паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, не гатовы і Цэнтрвыбаркам.
Лідзія Ярмошына: “Цэнтральная камісія, зразумела, пакуль яшчэ не гатовая да такога тэрміна, бо ў нас толькі аддадзена ў друк брашура з электаральнай статыстыкай па мясцовых выбарах. І мы толькі пачалі падрыхтоўку дакументаў, метадычных тлумачэнняў, форм дакументаў, якія спатрэбяцца на прэзідэнцкіх выбарах”.
Але дадала, што выбарчая камісія мусіць быць заўжды гатовая да няштатных сітуацый. І калі выпадзе, што выбары прызначаць на верасень, то ЦВК здолее паэтапна распланаваць працу і падрыхтавацца да абрання прэзідэнта краіны.
Еўрарадыё апытала экспертаў, якая дата выбараў больш выгадная для ўладаў і апазіцыі. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што для ўлады лепш, каб выбары прайшлі як мага раней.
Раман Якаўлеўскі: “Для Лукашэнкі выгадней правесці выбары як мага раней. Існуюць вядомыя і невядомыя праблемы з Расіяй — у першую чаргу гэта тычыцца газу, а таксама зніжэння ўзроўню жыцця не толькі з-за кошту на энерганосьбіты, але і на звычайныя тавары”.
А вось выгадную для апазіцыі дату выбараў эксперт назваць не здолеў. На яго думку, на сёння няма адзінай апазіцыі, адзінага кандыдата і саміх выбараў, а таму дэмакратычныя лідэры могуць толькі разважаць на гэтую тэму.
З тым, што правесці выбары яшчэ сёлета ўвосень выгадней для ўлады, згодны і палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Класкоўскі: “Маскоўскі чыннік зараз стаў як ніколі пагрозлівы. Пасля гэтага візіту ў Маскву, які быў не вельмі ўдалым, мяркуючы па ўсім, прычына трывогі яшчэ больш узмацняецца. І ўзмацняюцца аргументы на карысць таго, каб пракруціць выбары датэрмінова”.
Што ж тычыцца апазіцыі, то Класкоўскі адзначае: ёй выгадней, каб выбары прайшлі 6 лютага. Але і такая фора, лічыць палітолаг, наўрад ці дазволіць дэмакратам кансалідавацца, абраць адзінага і распрацаваць сапраўды пераможную стратэгію.
Эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што дату выбараў прадыктуе эканоміка, а яна падказвае ўладам паспяшацца.
Леанід Заіка: “Цяпер пікавая сітуацыя, бо ўзніклі непрыемныя эканамічныя праблемы: адсутнасць нафты для высокіх прыбыткаў для прадстаўнікоў улады, пагаршэнне адносінаў з Расіяй і вельмі праблематычныя перспектывы паставак энергарэсурсаў, у прыватнасці газа, па высокім кошце. Таму выбары трэба рабіць як мага раней, у гэтым зацікаўлена ўлада”.
Да таго ж, кажа, падчас лютаўскіх выбараў у прэзідэнта могуць спытацца пра абяцаны заробак у 500 долараў да канца 2010 года. Якога, лічыць эканаміст, не дасягнуць, нават калі беларускаму кіраўніцтву дадуць на некалькі месяцаў “пакарыстацца” “Газпрамам”.
Але ж старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына мяркуе, што не варта спяшацца, і выступае за прызначэнне выбараў на 6 лютага 2011 года.
Лідзія Ярмошына: “Мяне цалкам задавальняе, падабаецца нават, дата 6 лютага. Яна дае магчымасці і сесіі распачацца, і ўсім адпачыць, і пачаць працаваць у звычайным працоўным рэжыме. Я лічу, што гэтая дата з’яўляецца аптымальнай”.
Дату прэзідэнцкіх выбараў, згодна з яе словамі, павінны абраць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, узгадніўшы ўсё з іншымі “зацікаўленымі” структурамі. Адной з якіх з’яўляецца і Цэнтрвыбаркам. Але пакуль іх на абмеркаванне гэтага пытання не запрашалі.