БХД рыхтуецца да юбілею незалежнасці
Да справаў святкавання далучыліся «Малады Фронт», Партыя БНФ, «Правы альянс», рух салідарнасці «Разам», Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, Алесь Пашкевіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і шэраг іншых грамадскіх дзеячаў.
Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, аргкамітэт застаецца адкрытым да далучэння.
Сёння вызначаны папярэдні план правядзення мерапрыемстваў па святкаванні, якія адбудуцца ў трох фарматах. Па‑першае, гэта навукова‑практычная канферэнцыя «20 гадоў незалежнасці». Па‑другое, гэта ўрачыстыя вулічныя мерапрыемствы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. І трэцяе — гэта распаўсюд інфармацыі ў выглядзе друкаванай прадукцыі для жыхароў Беларусі, дзе будзе распавядацца гісторыя атрымання нашай краінай незалежнасці і дадзены агляд цяперашняй сітуацыі з незалежнасцю ў Беларусі.
«Асноўная мэта гэтай акцыі — абарона нацыянальных інтарэсаў Беларусі і вяртанне беларускай палітыкі ў рэчышча прабеларускасці,
— адзначыў Віталь Рымашэўскі. — Зараз стала модна казаць пра арыентацыю на Захад, або на Усход, між тым трэба вярнуць сапраўдны сэнс беларускай палітыцы. Перадусім, яна павінна быць прабеларускай і пранезалежніцкай, і на гэта павінны працаваць усе палітычныя сілы».
Прэсавая служба БХД