Юрый ГЛУШАКОЎ: “З Раманчуком мы разыходзімся ў поглядах...”

Беларуская партыя “Зялёныя” аб’явіла імя свайго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі. Прывіваць беларусам новыя дэмакратычныя і экалагічныя ідэалы будзе жыхар Гомеля Юрый Глушакоў.
Пасля чарнобыльскай катастрофы экалагічная тэма стала адной з центральных у Беларусі. Да яе з перыядычнасцю аднолькава звяртаюцца прадстаўнікі афіцыйнай і неафіцыйнай улады. “Зялёныя” першымі ў краіне зрабілі экалагічнае пытанне падмуркам сваёй праграмы.
Навошта нам прэзідэнт?
У пэўным сэнсе Юрый Глушакоў марыць выканаць ролю палітычнага камікадзэ. І размова тут ідзе не аб банальнай адмове ад сваіх галасоў на карысць іншага кандыдата.
“Мы будзем развіваць кампанію да поўнага скасавання прэзідэнцкай пасады, -- смела заявіў спадар Глушакоў.
Кандыдат ад “Зялёных” бачыць у любой уладзе небяспеку аўтарытарызму, таму нават аб сваім верагодным прэзідэнцтве кажа як аб часовым стане.
А як жа экалогія?..
У расповедзе аб сваёй праграме Юрый Глушакоў старанна пазбягаў экалагічных пытанняў. Нібыта ўсё і так зразумела. А калі не?
“Безумоўна, наш галоўны экалагічны прыярытэт -- супраціўленне будаўніцтву АЭС у Беларусі, -- адказаў на пытанне Юрый Глушакоў.-- Большасць экалагічных пытанняў, якія мы закранаем, -- спецыфічныя. Напрыклад, мы павінны разабрацца з дырэктывай прэзідэнта аб выкарыстанні мясцовых відаў паліва…”
Наватарскім планам партыі “Зялёныя” стане распрацоўка законапраекта аб паўсюдным увядзенні велапарковак…
Дарэчы, артыкул у перадвыбарнай праграме спадара Глушакова, прысвечаны экалогіі, самы маленькі. Ён налічвае толькі 5 пунктаў.
Гусь свінні не таварыш?
Беларуская партыя “Зялёныя” не адмаўляе таго, што пакуль іх палітычны ўплыў у краіне мінімальны. Таму кіраўніцтва гэтага аб’яднання разлічвае на падтрымку аднадумцаў.
“Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі канструктыўнымі палітычнымі сіламі, -- прызнаўся Глушакоў. -- Канечне, прыярытэт будзе надавацца тым, хто падзяляе нашы прынцыпы сацыяльнасці, экалагізму і дэмакратыі”.
Пакуль у шэраг тых, хто “падзяляе прынцыпы”, патрапіў толькі Аляксандр Мілінкевіч… А вось з АДС сяброўства можа і не атрымацца… Калі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучаць у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука, “Зялёныя” ім не таварышы.
“З Раманчуком мы разыходзімся ў поглядах на цэлы шэраг пытанняў, -- заявіў Глушакоў. -- Сыходзячы з гэтага мы і будзем будаваць нашы ўзаемаадносіны”.
Адкуль грошы?
Варта адзначыць, што Беларуская партыя “Зялёныя” адноўлена па ініцыятыве сур’ёзных і мэтанакіраваных людзей. Яшчэ падчас вылучэння на выбары ў мясовыя Саветы дэпутатаў сённяшні кіраўнік выбарчай кампаніі Юрыя Глушакова Дзмітрый Кучук прызнаўся, што ў фінансавым плане “Зялёныя” спадзяюцца толькі на сябе. Спадар Кучук адначасова з’яўляецца і дырэктарам ПУП “Смеццесартыровачная станцыя ЗАХОДНЯЯ”, грошы ад гэтага бізнесу ідуць на фінансаванне партыі.
“Наш галоўны рэсурс -- гэта нашы людзі, -- выказаўся прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Юрый Глушакоў. -- Усё астатняе другасна, у тым ліку фінансавая дапамога. Мы спадзяёмся на падтрымку нашых грамадзян…”
ЗАКУЛІССЕ
Банкету не было
На знаёмства з кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад Беларускай партыі “Зялёныя” былі запрошаны не толькі журналісты, але і ўсе жадаючыя. Меркавалася, што прадстаўленне народу Юрыя Глушакова пройдзе ва ўрачыстай атмасферы. Нагадаем, што мерапрыемства адбывалася ў адным з самых шыкоўных гатэляў Мінска “Crowne Plaza”. Паглядзець на верагоднага прэзідэнта прыйшло каля трыццаці чалавек. Некаторыя з іх нават спадзяваліся на падарункі ці хаця б фуршэт.
На жаль, “Зялёныя” не расшчодрыліся нават на каву. Верагодна, напярэдадні выбараў партыйцы вырашылі сэканоміць. Таму прадстаўленне прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі прайшло ў фармаце звычайнай прэсс-канферэнцыі.