МЗС: «Беларусь гатовая да сур’ёзнага дыялогу з ЗША»
«Што да падаўжэння мараторыю на ўжыванне санкцый у дачыненні да дзвюх нашых прадпрыемстваў, мы разглядаем гэта як рашэнне ў правільным кірунку. Перад двума партнёрамі стаіць задача па расстыкоўцы тых завалаў, якія ўзніклі ў дзвюхбаковых адносінах у мінулыя гады», — сказаў Андрэй Савіных.
Паводле Савіных, Беларусь канструктыўна падыходзіць да гэтай праблемы і гатовая да сур’ёзнага дыялогу з ЗША.
«Перакананыя, што мы маглі б шмат зрабіць у інтарэсах дзвюх дзяржаў, і лічым, што адмена санкцый у прынцыпе з’яўляецца важнай умовай для пачатку такога дыялогу», — падкрэсліў прэс‑сакратар МЗС.***
У лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, а ў сакавіку 2008 года — да ўсіх прадпрыемстваў «Белнафтахіма».
У верасні 2008 года ў дачыненні да двух ААТ — «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно» Мінфін ЗША на паўгода змякчыў санкцыі. У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было падоўжанае да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года.
Днямі змякчэнне санкцый у дачыненні да двух згаданых прадпрыемстваў «Белнафтахіма» зноў было падоўжанае на паўгода — да 30 лістапада 2010 года.
Радыё Свабода