Лукашэнка ў найбліжэйшы час наведае Азербайджан
«Праз некалькі дзён адбудзецца афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан», — сказаў пасол.
Паводле яго слоў, візіт павінен надаць значны імпульс далейшаму развіццю адносін паміж дзвюма краінамі. Дыпламат перакананы, што паміж Беларуссю і Азербайджанам ва ўсіх сферах — палітыцы, эканоміцы, гуманітарным супрацоўніцтве — няма такіх пытанняў, якія немагчыма вырашыць.
Гаворачы аб маючым адбыцца візіце кіраўніка беларускай дзяржавы ў Азербайджан, Алі Тэймур аглы Нагіеў паведаміў, што ў ходзе сустрэчы лідэраў дзвюх дзяржаў плануецца абмеркаваць шырокае кола пытанняў. Пасол не выключыў, што прэзідэнты абмяркуюць і супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Ён падкрэсліў, што Азербайджан адкрыты для такога супрацоўніцтва і гатовы ўдзельнічаць у розных праектах: «Набука», «Адэса — Броды» і інш. «Але тыя дзяржавы, якія зацікаўлены ў гэтым, павінны зрабіць свой выбар», — адзначыў пасол.
Што датычыцца магчымага супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана ў энергетычнай сферы, дыпламат паведаміў, што спецыялісты абодвух бакоў гэта пытанне ўжо абмяркоўвалі. З азербайджанскага боку гэта былі прадстаўнікі Мінпрама, Мінэканомікі, Нафтавай карпарацыі. «Тут ніякіх пытанняў няма. Трэба прыйсці да агульных падыходаў, якія будуць эканамічна выгадныя абедзвюм краінам», — падкрэсліў Алі Тэймур аглы Нагіеў.‑
Уладзімір Матвееў, БЕЛТА