Сёння ў Санкт-Пецярбургу пройдуць пасяджэнні саветаў кіраўнікоў урадаў СНД, ЕўрАзЭС і Мытнага саюза
Як паведаміў напярэдадні на брыфінгу прэс‑сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД плануецца разгледзець пытанні ўзаемадзеяння ў энергетыцы, радыёнавігацыі і пагранічным кантролі, а таксама ў сферы навукова‑тэхнічнага супрацоўніцтва, стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
На пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС будуць разгледжаны праекты новай рэдакцыі статута Суда ЕўрАзЭС і пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне аб выкананні Эканамічным судом СНД функцый Суда ЕўрАзЭС ад 3 сакавіка 2004 года.
Кіраўнікі ўрадаў краін ЕўрАзЭС плануюць падпісаць шэраг пагадненняў, у прыватнасці: пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў у сферы атэстацыі ці акрэдытацыі адукацыйных арганізацый/устаноў (адукацыйных праграм); пагаднення аб развіцці міжнароднага лізінгу сельскагаспадарчай тэхнікі, машын, механізмаў, абсталявання і транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў аграпрамысловых комплексах.
Дзяржсавет таксама зацвердзіць міждзяржаўную мэтавую праграму «Інавацыйныя біятэхналогіі», распрацаваную па ініцыятыве Беларусі, а таксама разгледзіць бюджэтна‑фінансавыя пытанні.
У парадак дня Савета кіраўнікоў урадаў Мытнага саюза (МС) уключана 15 пытанняў, у тым ліку аб выкананні Плана дзеянняў па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі; аб набыцці моцы міжнароднымі дагаворамі, якія фарміруюць дагаворна‑прававую базу Мытнага саюза; аб уніфікацыі гандлёвых рэжымаў трох дзяржаў.
Кіраўнікі урадаў таксама абмяркуюць пагадненне, якое рэгулюе парадак залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне).Эксперты адзначаюць, што першым выпрабаваннем для створанага ў лістападзе 2009 года МС Беларусі, Казахстана і Расіі стала пытанне аб вывазных пошлінах на нафту.
Як вядома, зараз на разглядзе Эканамічнага суда СНД знаходзіцца іскавая заява Беларусі да ўрада РФ па пытанні збірання Расіяй пошлін на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну.
Неадназначна ставіцца Мінск і да ўвядзення з 1 ліпеня новых пошлін (на ўзроўні расійскіх) на ўвоз аўтамабіляў фізасобамі. Расія працягвае настойваць на поўнай уніфікацыі правіл у МС, звязаных з імпартам аўтамабіляў.
Дыскусіі пра неабходнасць МС ідуць таксама ў Казахстане, адзначаюць аналітыкі. Мясцовыя дзелавыя колы, у прыватнасці, асцерагаюцца экспансіі расійскага капіталу ў найбольш фінансава прывабныя галіны эканомікі Казахстана.
Як паведаміў РІА Новости член экспертна‑аналітычнага Савета пры камітэце па справах СНД Дзярждумы РФ Інакенцій Адзясаў, сёння ў Санкт‑Пецярбургу могуць быць агучаныя новыя прапановы па інтэграцыі ў рамках МС і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).
У прыватнасці, можа быць абвешчана аб змяненні фармату МС: да ўступлення ў інтэграцыйнае аб’яднанне будуць запрошаныя не толькі члены ЕўрАзЭС, але і ўсе краіны СНД.
Акрамя таго, паводле звестак Адзясава, можа быць разгледжана заяўка Кыргызстана аб далучэнні да МС. Такую ініцыятыву ў свой час агучыў звергнуты прэзідэнт Курманбек Бакіеў, і цяперашні часовы ўрад Кыргызстана вырашыў фарсіраваць гэты працэс.
Вялікія спрэчкі ў экспертных колах, адзначыў Адзясаў, выклікае пытанне ўвядзення адзінай валюты АЭП, першай фазай якога і выступае МС. Зараз большая частка разлікаў у рамках інтэграцыйнага аб’яднання праводзіцца ў доларах і еўра, асноўныя разліковыя цэнтры знаходзяцца па‑за рамкамі МС. Аднак Расія вельмі зацікаўлена ў наданні свайму рублю статусу рэзервовай валюты на постсавецкай прасторы.
Паводле меркавання эксперта, у цэлым прывабная ідэя адзінай валюты мае падводныя камяні — фактычна гэта азначае страту часткі суверэнітэту для краін — удзельніц праекта. Адзясаў нагадвае пра няўдалы вопыт увядзення расійскага рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
БелаПАН