Палкоўнікам ніхто не піша
Нялёгкае ў дыктатараў жыццё. Незалежна ад таго, дробны той дыктатар ці вялікі, магутны ці нікчымны.
Жыццё ў іх усё тое ж – незайздроснае. А цяпер яны і ўвогуле здрабнелі. Сышлі на ўзровень побытавых шкоднікаў. І таму са скуры лезуць, каб паказаць, што насамрэч усё зусім не так.
Крэатыўных ідэй наконт таго, як павялічыць маштаб сваёй асобы, у іх няма і быць не можа. А таму для самаўзвышэння скарыстоўваюць даўно правераныя сродкі. Мундзір сабе замовяць, якога свет не бачыў. Або снайпераў пашлюць, каб даць некалькі залпаў па натоўпу незадаволеных іх мудрым кіраваннем. Але трыумфальныя імгненні пралятаюць хутка. А потым няўмольна набліжаецца фінал. Прыкры, непазбежны. У горшым выпадку – трыбунал і камера на доўгія гады. У лепшым – пагарда, забыццё.
Адзін такі герой вулічных баталій сядзіць у тутэйшым запаведніку. Становішча няпэўнае і непрадказальнае. Навокал лес. Няспынныя дажджы. Хіба гэта жыццё? Тым болей, што ў задумах яшчэ столькі грандыёзных планаў. Мог жа цэлы народ прывесці да шчасця. Заставалася зусім ужо недалёка да запаветнай мэты. Не паспеў. Спынілі. Адхілілі ад пасады.
І цяпер ён сядзіць у лесе і піша скаргу ў Маскву. Патрабуе пакараць сваю няўдзячную краіну. Увесці туды спецназ АДКБ. І тады ён пераможцам вернецца ў Бішкек. І ўсім пакажа.
Не, не вернецца. Ва ўсякім разе, на чужых штыхах. І гэта добра ведаюць і аўтар слёзнага ліста, і той, хто ўзяўся даставіць яго ў Крэмль. Хіба што толькі ў лесе, ў поўнай адзіноце магла ўзнікнуць наіўная надзея, што вось зараз узнімуцца з расійскіх аэрадромаў самалёты, поўная ўзброеных дэсантнікаў. А з Мінску таксама рушаць абаронцы таварыша Бакіева – магутная гвардыя ягонага тутэйшага апекуна. Яны сустрэнуцца ў далёкім Кыргызстане. І ўсё будзе як раней.
Не, не будзе. Нават добраахвотны паштальён ужо гэта пачынае разумець. Не будзе карнай аперацыі. Не той час. Не тая кан’юнктура. У Маскве даўно ўсё падлічылі. Краіна з кожным годам робіцца ўсё больш адсталай, правінцыйнай. Без замежных капіталаў і заходніх тэхналогій ніяк не абысціся. А таму пачынаюцца настойлівыя спробы змяніць і рыторыку, і нават звыклы курс. Ніякай канфрантацыі з тым ненавісным Захадам. Лагодны тон. Выразныя рэверансы ў бок Амерыкі. Паспешлівая падрыхтоўка рамачных пагадненняў аб супрацоўніцтве і нават партнерстве з Еўразвязам. Дзе ж тут пры гэткім раскладзе знойдзецца месца для нейкага Бакіева, а тым больш, для карнай экспедыцыі па ягоным аднаўленні на пасадзе?
Няйначай і сам пасланец кіргізскага адстаўніка адчуў у Маскве неспрыяльныя для яго настроі. І паспяшаўся грунтоўна перагледзець свой прапагандысцкі слоўнік. Толькі што падчас ягонай вандроўкі ў Петрыкаў гучалі поўныя праведнага гневу эскапады ў бок Крамля. А тут раптам зноў прарвалася даўняя халуйская пакорлівасць. І мімаволі, нібы ў таго Бакіева, узнікла слёзная скарга на адрас расійскага кіраўніцтва. І таксама не наўпрост, а праз пасярэдніка – губернатара Курганскай вобласці Алега Багамолава. Тыя тэксты сапраўды вартыя цытавання. “Мы не хотим ни у кого быть нахлебниками. Но мы хотим, чтобы Россия-матушка не ставила нас на обочину и не выбрасывала на задворки”.
Усяго некалькі дзён таму ў мундзіры ці то маршала, ці нават генералісімуса з параднай трыбуны паведамляў усяму свету, што яму мора па калена. А тут перад правінцыйным расійскім чыноўнікам такое прыніжэнне. І наіўная, амаль дзетсадаўская спроба гэткім чынам да Пуціна-Мядзьведзева данесці свае крыўды. “Я не в качестве упрека об этом говорю, я не хочу, чтобы вы подумали, что у Лукашенко что-то есть за пазухой антироссийское. Нет более пророссийского человека в Беларуси, чем Лукашенко. Я это доказываю пятнадцать лет”.
У афіцыйным прэс-рэлізе пра тую сустрэчу з губернатарам на здзіўленне дакладна пазначаны вынік гэтых пятнаццаці “прарасійскіх” год: “Александр Лукашенко и Олег Богомолов констатировали, что у Беларуси и Курганской области очень схожие структуры экономики”. Сапраўды, хто б мог усумніцца ў непазбежнасці гэткіх дасягненняў.
А можна ж яшчэ паспаборнічаць і з якім-небудзь расійскім раёнам. Давесці Беларусь і да яго ўзроўню. І не дзіўна, што ўжо ў інтэрв’ю агенцтву “Рэйтар” упэўнена заяўлена, што падстаў для адмовы ад удзелу ў чарговых прэзідэнцкіх выбараў няма.
Вынікі мясцовых выбараў так натхнілі падручны апарат, што галоўная электаральная кампанія можа прынесці перамогу, якой не бачыў свет. Дык які сэнс спыняцца на дасягнутым? Як кажуць, усё яшчэ наперадзе.
Вось толькі шалёную радасць жыцця ўжо выразна псуе гэты адыёзны чалавек, што ў глухім запаведніку зацята слухае, як па даху барабаніць дождж. А здавалася ж яшчэ нядаўна, што на здзіўленне паспяхова пайшла адмысловая гульня ў ягонае вяртанне на пасаду. І заадно ў сакралізацыю і недатыкальнасць найвышэйшай улады. І раптам такі аблом. Як заўсёды, Расія падвяла. Навошта тыя супольныя войскі хуткага рэагавання, калі ў рашучы момант яны не прыйдуцьі не дапамогуць. І нідзе нікога не ўратуюць.
А гэты Бакіеў - проста нейкі знак бяды. Ён самой сваёй прысутнасцю нагадвае, што вось гэтак жа дзе-небудзь у венесуэльскай сельве можа аднойчы загрукатаць па даху чужой сядзібы бясконцы дождж. І давядзецца лавіць у наваколлі якіх-небудзь расійскіх нафтавікоў, каб перадаць з імі ў Крэмль слёзнае пасланне. Пра тое, што надакучыла чужына, і даўно ўжо наспеў час вяртання на пасаду. З дапамогай усё таго ж агульнага спецназу. Дзеля чаго ж яшчэ ўсе разам яго стваралі?
А ўвогуле, дыктатары – цёмны люд. Пачыталі б Маркеса – “Восень патрыярха”. Ды іншыя ягоныя кніжкі. Там жа чорным па белым пра іх незайздросную долю. І бясслаўны канец любой дурной улады. Калі ўжо нават палкоўніку ніхто не піша, то што казаць пра розных маршалаў, генералісімусаў ды іншую драбязу. Гэта толькі на самым пачатку кар’еры здаецца, што прыйшлі яны “всерьез и надолго”. А потым – усё тое ж. Закінутае жытло ў глухім кутку. Абрыдлая ахова, незразумела дзеля чаго і ад каго. І ніхто не піша.
Ні чужыя, ні свае. Ніхто.