Лукашэнка паляціць у В’етнам
Тэрміны візіту будуць узгоднены па дыпламатычных каналах, паведамляе прэс‑служба прэзідэнта Беларусі.
Падчас перамоў Лукашэнка, успамінаючы свой візіт у В’етнам у красавіку 2008 года, нагадаў, што тады было наглядна прадэманстравана імкненне дзвюх краін працаваць сумесна для ўмацавання двухбаковых сувязей.
Па выніках чацвярговых перамоў у Мінску прэзідэнты прынялі сумесную дэкларацыю. У дакуменце, як паведамляе прэс‑служба, адлюстраваны падобныя пазіцыі бакоў па пытаннях міжнародных і двухбаковых адносінаў і пацверджаны курс на паслядоўнае ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і В’етнамам.
Дзяржавы пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў такіх галінах, як ваенная бяспека, навука і тэхналогіі, адукацыя, ахова здароўя, культура і спорт.
У дэкларацыі зазначаецца, што В’етнам падтрымлівае імкненне Беларусі ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Бакі таксама пацвердзілі ўзаемнае прызнанне рыначнага статусу эканомік Беларусі і В’етнама і намер вывучыць магчымасць пераходу да рэжыму свабоднага гандлю паміж дзвюма краінамі.
Кіраўнікі дзяржаў канстатавалі агульнасць падыходаў да важных сусветных і рэгіянальных праблем, пацвердзілі гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў межах ААН, іншых міжнародных арганізацый.
Бакі адзначылі важнасць забеспячэння роўнай энергетычнай бяспекі ўсіх дзяржаў, выступілі ў падтрымку намаганняў па актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў ААН у мэтах ажыццяўлення шырокага доступу ўсіх краін да тэхналогій выкарыстання альтэрнатыўных і аднаўляных крыніцаў энергіі.
Апрача таго, Беларусь і В’етнам пагадзіліся з мэтазгоднасцю пашырэння прадстаўніцтва ў Савеце бяспекі ААН краін, якія сталі на шлях развіцця. Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі прыхільнасць да далейшага супрацоўніцтва ў барацьбе з глабальнай зменай клімату і тэрарызмам у любой яго форме.
Андрэй Серада, БелаПАН