Аляксандр Лукашэнка: Беларусь разлічвае на В'етнам для прасоўвання на рынкі Паўднёва- Усходняй Азіі

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Мінь Чыетам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ніколі не скрывалі, што мы разлічваем на вашу падтрымку ў Паўднёва-Усходняй Азіі, у той жа час вы можаце разлічваць на нашу падтрымку ў Еўропе", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб двухбаковых адносінах, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і В'етнама абсалютна няма закрытых тэмаў для перамоў, і выказаў гатоўнасць беларускага боку супрацоўнічаць па любых пытаннях, якія цікавяць в'етнамцаў. Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што за час гэтага візіту Прэзідэнта В'етнама, якога суправаджае прадстаўнічая дэлегацыя, у тым ліку кіраўнікі буйных бізнэс-карпарацый, краіны змогуць дасягнуць вельмі сур'ёзных і пазітыўных зрухаў у адносінах. "В'етнам — абсалютна зразумелая для нас краіна, нам добра знаёмы в'етнамскі народ, многія дзесяцігоддзі нас звязвае вельмі цесная дружба. Мы разам прайшлі цяжкую вайну, якая разгарнулася на вашай зямлі, і прыемна, што і ў той вайне мы перамаглі", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка:  Беларусь разлічвае на В'етнам для прасоўвання на рынкі Паўднёва- Усходняй Азіі

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на дынамічнае развіццё гандлю паміж дзвюма краінамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі і В'етнама няма абсалютна ніякіх супярэчнасцяў і адрозненняў у падыходах у сусветным парадку дня. "Нашы пункты гледжання, погляды і дзеянні на міжнароднай арэне супадаюць і цесна каардынуюцца. Мы дзейнічаем у адным ключы", — сказаў ён. Беларусь і В'етнам, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, маюць усе магчымасці і перадумовы для сур'ёзнага руху наперад у адносінах.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі В'етнам з'яўляецца асноўным партнёрам і своеасаблівым плацдармам для асваення рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён запрасіў в'етнамскі бок больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці Беларусі для пранікнення на рынкі краін СНД, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. "Мы надаём вялікае значэнне развіццю адносінаў з В'етнамам як уплывовай дзяржавай і актыўным членам Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі", — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі, успамінаючы свой візіт у В'етнам у красавіку 2008 года, нагадаў, што тады было наглядна прадэманстравана імкненне дзвюх краін працаваць сумесна для ўмацавання двухбаковых сувязяў. Краіны прытрымліваюцца адзіных падыходаў да фарміравання справядлівага шматпалярнага светапарадку, заснаванага на выкананні агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, Беларусь і В'етнам маюць падобныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, эфектыўнасць якіх пацвярджаецца тэмпамі развіцця дзвюх краін.

В'етнам гатовы неадкладна вырашыць усе праблемы, якія перашкаджаюць актывізацыі супрацоўніцтва з Беларуссю. Паводле слоў в'етнамскага лідара, паміж Беларуссю і В'етнамам традыцыйна склаліся дружалюбныя адносіны, пачатак якім пакладзены яшчэ ў савецкі перыяд. Прэзідэнт В'етнама яшчэ раз выказаў словы шчырай удзячнасці беларускаму народу за дапамогу ў вызваленчай вайне ў В'етнаме. Цяпер Беларусь і В'етнам развіваюць сувязі, абменьваюцца візітамі. Прэзідэнт В'етнама падкрэсліў, што гэта яго візіт у адказ на візіт Аляксандра Лукашэнкі ў В'етнам у 2008 годзе. "Мэта майго прыезду ў Беларусь — зверыць ход рэалізацыі дасягнутых на вышэйшым узроўні ў Ханоі дамоўленасцяў і вызначыць меры па далейшым умацаванні беларуска-в'етнамскіх адносінаў", — сказаў ён.

Нгуен Мінь Чыет выказаў словы захаплення ў адрас Беларусі, якая, нягледзячы на наступствы глабальнага сусветнага крызісу, істотна рухаецца наперад, аб чым сведчыць эканамічны рост. Паводле яго слоў, В'етнам таксама імкліва развіваецца і ідзе да таго, каб да 2020 года стаць сучаснай індустрыяльнай дзяржавай. "В'етнам праводзіць шматвектарную палітыку і надае вялікую ўвагу развіццю сувязяў са сваімі традыцыйнымі партнёрамі, у тым ліку з Беларуссю, — адзначыў Нгуен Мінь Чыет. — Беларусь — блізкі і надзейны сябар В'етнама. У нас добрыя палітычныя адносіны, але вельмі сціплыя дасягненні ў гандлёва-эканамічнай сферы".

Прэзідэнт В'етнама адзначыў, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім складзе дасягнута дамоўленасць аб намеры пашырыць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. В'етнам падтрымлівае намер Беларусі пашырыць сваю прысутнасць на рынках краін Паўднёва-Усходняй Азіі і зацікаўлены ў тым, каб пашырыць доступ сваіх тавараў на рынкі Еўропы.

Нгуен Мінь Чыет таксама звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння сувязяў з Беларуссю ў самых розных сферах, у тым ліку культурнай, турыстычнай, спартыўнай, адукацыйнай. Многія высокапастаўленыя чыноўнікі В'етнама ў свой час вучыліся ў Беларусі.

На заканчэнне сустрэчы Нгуен Мінь Чыет выказаў перакананасць, што адносіны з Беларуссю будуць умацоўвацца і пашырацца.

Прэзідэнты Беларусі і В'етнама падпісалі сумесную дэкларацыю. У прыватнасці, размова ідзе аб намеры пашырыць узаемадзеянне. Усяго падпісана 7 дакументаў, у тым ліку міжурадавы мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях узаемнага прызнання рыначнага статусу Беларусі і В'етнама; мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Дзяржаўным банкам В'етнама ў сферы банкаўскага нагляду; міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі; пратакол аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі і Міністэрствам грамадскай бяспекі В'етнама ў сферы падрыхтоўкі кадраў і навуковых даследаванняў у галіне пажарнай бяспекі і дзейнасці аварыйна-выратавальных службаў; адміністрацыі паркаў высокіх тэхналогій дзвюх краін заключылі пагадненне аб узаемадзеянні.

На думку Прэзідэнта В'етнама, падпісанне гэтых дакументаў будзе садзейнічаць значнаму ўмацаванню ўзаемадзеяння ў розных сферах. В'етнам падтрымлівае імкненне Беларусі ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. В'етнам запрашае Беларусь удзельнічаць у распрацоўцы нафтавых радовішчаў як на в'етнамскай тэрыторыі, так і ў трэціх краінах. Паводле слоў Нгуен Мінь Чыета, В'етнам вітае ўдзел Беларусі ў будаўніцтве метрапалітэна ў Ханоі і Хашыміне. В'етнамскі лідар выказаў зацікаўленасць у рэалізацыі сумесных з Беларуссю праектаў па вытворчасці вугалю, а таксама ў сумеснай вытворчасці калійных угнаенняў з выкарыстаннем в'етнамскай сыравіны. Нгуен Мінь Чыет адзначыў, што В'етнам таксама зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з Беларуссю ў падрыхтоўцы в'етнамскіх спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі, у прыватнасці аграномаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў запрашэнне в'етнамскага боку наведаць Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам з афіцыйным візітам. Тэрміны візіту будуць узгоднены па дыпламатычных каналах.

←А.Лукашенко: Я приглашаю наших вьетнамских друзей более активно использовать возможности Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика