Часовы ўрад Кыргызстана такі пазбавіў Бакіева статусу недатыкальнасці
У тэксце дэкрэта гаворыцца, што »Бакіеў дапусціў расстрэл мірных грамадзян і тым самым сам пазбавіў сябе статусу экс‑прэзідэнта і недатыкальнасці».
Больш як тыдзень таму часовы ўрад на сваім пасяджэнні ў закрытым рэжыме разгледзеў пытанне аб адхіленні ад пасады і пазбаўленні недатыкальнасці звергнутага прэзідэнта Бакіева, аднак шэраг палажэнняў законапраекта, прапанаванага віцэ‑прэм’ерам Азімбекам Бекназаравым, запатрабаваў удакладненняў.
7 красавіка ў Бішкеку прыхільнікі апазіцыі занялі Дом урада Кіргізіі, улада перайшла да часовага ўрада. У сутыкненнях загінулі больш як 80 чалавек, сотні атрымалі раненні.
Бакіеў 16 красавіка пакінуў краіну і напісаў заяву аб складанні паўнамоцтваў. 19 красавіка ён ужо знаходзіўся ў Беларусі, а 21 красавіка выступіў з заявай для прэсы аб тым, што не прызнае сваёй адстаўкі і лічыць сябе прэзідэнтам Кыргызстана.
27 красавіка намеснік старшыні часовага ўрада Кыргызстана Азімбек Бекназараў, які курыруе праваахоўныя органы, паведаміў, што Бакіеў завочна абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — у арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам.
БелаПАН