Выбары не адбыліся, бо людзі галасавалі супраць прадстаўніка ўлады
29.04.2010
—
Новости Политики
На мінулых мясцовых выбарах у Беларусі не былі абраныя дэпутаты ў 15 акругах. Адзін кандыдат памёр за некалькі дзён да галасаваньня, а яшчэ 14 не атрымалі большасьці галасоў у сваю падтрымку.
Нагадаем: паводле зьменаў у выбарчым заканадаўстве абавязковая раней 50-працэнтная яўка выбарцаў была адменена. Але нават у такіх умовах праўладныя кандыдаты прайгравалі.У Смалявіцкім раёне чатыры сотні выбарцаў зь невялікіх вёсачак Ляды, Калюга, Слабодка і іншых адмовілі ў даверы былому старшыні Пятровіцкага сельсавету. Нягледзячы на тое, што гэтаму кандыдату ў дэпутаты не было альтэрнатывы, ён прайграў па колькасьці галасоў супраць.
Пра прычыны паразы чыноўніка гаворыць тутэйшая жыхарка Марыя. Яна працуе ў краме і штодзень чуе меркаваньні людзей:
"Многія тут казалі, што ён да людзей ставіўся вельмі дрэнна. Не прыслухоўваўся да іх. Ну, словам, толькі ён вышэйшы чын, і ўсё. А людзі лічаць інакш і галасуюць за тых, ад каго чакаюць падтрымкі і на яе спадзяюцца. Я мяркую, што гэта вельмі добра".
Зьвяртаюся да цяперашняга старшыні Драчкаўскага сельсавету Яўгена Апацкага. Ён кажа пра сытуацыю:
"За месяц да выбараў у нас аб'ядналі два сельсаветы. Да нашага Драчкаўскага далучылі Пятровіцкі сельсавет. Той кандыдат быў ягоным старшынёй. Чаму на яго крыўдавалі людзі, буду цяпер высьвятляць. А пакуль добра ня ведаю. За мяне тут у Драчкаве прагаласавалі нармальна — 161 голас, а за апанэнта — толькі 20".
Сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік патлумачыў намеры ўлады правесьці паўторныя выбары ў так званых пустых акругах:
"Правесьці выбары ў сельсавет вялікай праблемы няма. Гэта невялікая, кампактная тэрыторыя. Тут усе людзі адзін аднаго ведаюць. Схема выбараў таксама простая — тэрытарыяльная камісія прызначае гэтыя выбары і праводзіць іх".
Гэта, па словах старшыні Цэнтравыбаркаму, — тэорыя. Але ёй пярэчаць факты. Да прыкладу, Аляксандар Мельнікаў зь Берасьця кажа, што ад часу папярэдніх выбараў ажно 10 тысяч выбарцаў ня мелі ў сваіх акругах дэпутатаў. "Не знайшла ўлада часу і грошай, каб правесьці паўторныя выбары замест праваленых", — кажа Аляксандар Мельнікаў:
"У нас выбылі зь мясцовых дэпутатаў Анішчук і Багдановіч. Я зьвяртаюся да сябра ЦВК зь Берасьця Аляксандра Каляды. Ён мне кажа: "Вой, там такая недапрацоўка ў заканадаўстве — нельга прымусіць мясцовыя ўлады правесьці паўторныя выбары. Вось будуць новыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве, то абавязкова выправім сытуацыю. Але нічога ня зьменена, бо для ўлады любыя выбары непрыемныя. Вельмі ня любіць яна гэты крыж…"