Востраў імітацыйнай дэмакратыі

Источник материала:  
24.04.2010 19:53 — Новости Политики
З 57 мінскіх выбарчых акругаў няма ніводнай безальтэрнатыўнай.

У сталіцы створаная бачнасць барацьбы. Апазіцыя ў Мінску выставіла, у асноўным, моладзь.

Адна з найбольш цікавых акруг у Мінску — Машэраўская №47. Напэўна, такога ў нас яшчэ не было, каб у адным выбарчым бюлетэні былі адначасова прозвішчы мужа і жонкі. А вось у гэтай акрузе менавіта так. У гарсавет балатуюцца Аляксандр і Таццяна Куўшынава.

Кампанія ў апошняй была досыць актыўная. Цэнтр Мінска быў завешаны плакацікамі «Наша Таня :)». Куўшынава ідзе на выбары з лозунгам «Хараство выратуе Мінск». Дзяўчына досыць актыўная ў сацыяльных сетках, мае ўласны сайт. Кампанія праходзіць цалкам на расійскай мове. Напэўна, менавіта Куўшынава і ёсць адной з найбольш яркіх кандыдатак на гэтых выбарах.

Таксама ў Машэраўскай акрузе ідзе сябар лукашэнкаўскай Кампартыі Юры Васкрасенскі. У свой час ён вылучаўся на парламенцкіх выбарах па адной акрузе з лідэрам былога ПКБ Сяргеем Калякіным. Перамагчы абодва кандыдаты не змаглі, але вось галасоў Васкрасенскі ў сустаршыні АДС адцягнуў.

Кірыла Баравік прадстаўляе ліберальна‑дэмакратычную партыю. На ўлётках кожнага ліберал‑дэмакрата зверху змешчаны партрэт іхняга правадыра Сяргея Гайдукевіча з подпісам, што гэта будучы кандыдат у прэзідэнты. Дарэчы, большасць кандыдатаў ад ЛДПБ маюць сталую працу — сталяр, кантралёр завода, індывідуальны прадпрымальнік і нават стралок аховы Беларускай чыгункі. А вось апазіцыянеры часта ідуць на выбары як вымушана беспрацоўныя.

Лідэру Партыі БНФ Аляксею Янукевічу ў Галадзедаўскай акрузе процістаіць начальнік аўтапарка №6 Аляксандр Цішкевіч. Трэцяй будзе 19‑гадовая Вольга Бягун з ЛДПБ.

У былога палітвязня Артура Фінькевіча таксама два супернікі — дырэктар гандлёвага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Універмаг «Беларусь» Мікалай Мятліцкі і вадзіцель Дзмітры Мальчэўскі (зноў ЛДПБ).

А вось у старшыні незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Уладзіміра Навасяда супернікаў у Пляханаўскай акрузе больш. Тут і 19‑гадовы студэнт Маскоўскага ўніверсітэта эканомікі Аляксей Рашэтнік, галоўны доктар цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Віктар Жукоўскі, інжынер‑электронік політэхнічнай гімназіі №6 Мікалай Дылько, прадавец прадпрыемства «Прадукты і напоі» Вераніка Раманчык.

Вядомы змагар з п’янствам, бацька пяці дзяцей, сябар Хрысціянскай дэмакратыі Леанід Скарабагаты балатуецца ў Кастрычніцкай акрузе №17. Разам з ім у бюлетэнях значацца член БРСМ Уладзімір Цюхай (пра яго мы пісалі ў №14), старшыня прафкама Завода паўправадніковых прыбораў навукова‑вытворчага аб’яднання «Інтэграл» Галіна Марціновіч.

Бізнесмен Юрый Данькоў, які спрабаваў вылучыцца на прэзідэнцкія выбары ў 2001 годзе, спрабуе прабіцца ў гарсавет у Купрыянаўскай акрузе. Тут ён змагаецца з намеснікам начальніка «Мінскага метрапалітэна» Анатолем Сарокіным.

Юрасю Меляшкевічу з Руху «За Свабоду» давядзецца, як і Аляксею Янукевічу, супернічаць з дырэктарам аўтапарка. Міхаіл Марцуль узначальвае аўтобусны парк №5.

Ажно восем прозвішчаў будзе ў бюлетэнях жыхароў Сухараўскай акругі. Там балатуецца палітолаг, сябра Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец. Выглядае на тое, што кандыдатам ад улады па акрузе ідзе дырэктарка сярэдняй школы №158 Марына Мушніцкая.

Таксама на гэтай акрузе будзе адразу тры кандыдаты маладзейшыя за 30 гадоў: вядучы інжынер прадпрыемства «ПромМВТ» Арцём Арлоў, галоўны бухгалтар замежнага ТАА «Хлебадар» Ганна Гаршкова і дырэктар Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Арцём Шаркоў. На трох маладых адзін пенсіянер — 76‑гадовы Віктар Кавалькоў з апазіцыйнага «Справядлівага свету».

Зноў у дэпутаты спрабуе трапіць былы сацыял‑дэмакрат Уладзімір Нісцюк, які першы загаварыў пра дыялог апазіцыі з уладай. У Нісцюка супернікамі будуць як дырэктарка школы №125 Таццяна Берасцевіч, так і юная сяброўка АГП Ганна Ягорава.

Кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч балатуецца ў Старавіленскай акрузе. Галоўным ягоным канкурэнтам выступае памочнік дэпутата палаты прадстаўнікоў Георгій Атаманаў, сябра КПБ.

Ідуць на выбары не толькі прафесійныя палітыкі. Зарэгістраваўся ў Нававіленскай акрузе намеснік дырэктара выдавецтва «Галіяфы» Міхась Башура. Ад улады па гэтай акрузе ідзе старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Сяргей Халява. А ад апазіцыі — Віталь Стажараў з АГП.

У Мірашнічэнкаўскай акрузе балатуецца Вінцук Вячорка з Партыі БНФ. Разам з ім ідуць яшчэ два партыйцы — Уладзімір Галабурда (Партыя працы і справядлівасці) і Эдуард Кузняцоў (ЛДПБ).

Намеснік Калякіна па «Справядлівым свеце» Валеры Ухналёў зарэгістраваны ў Акадэмічнай выбарчай акрузе, былы палітвязень Зміцер Каспяровіч — у Куйбышаўскай.

Ну а выбарцы Трактаразаводскай акругі змогуць прагаласаваць за сапраўднага графа. Па спісах БХД тут ідзе Аляксандр Прушынскі.


Зміцер Панкавец

←В Беларуси сегодня последний день досрочного голосования

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика