Прэзідэнт Беларусі даручыў Камітэту дзяржкантролю паўсюдна дэталёва вывучыць сітуацыю з падтрымкай асабістых падсобных гаспадарак

Источник материала:  

 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны па пытанні рэалізацыі патрабаванняў указа № 510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які вызначыў з 1 студзеня гэтага года адзіны парадак назначэння і правядзення праверак.

Эфектыўным інструментам абароны інтарэсаў людзей у рэгіёнах сталі "прамыя" лініі КДК. У першым квартале іх было праведзена 260. Прычым кожнае чацвёртае пытанне, што паступіла ад грамадзян, датычыцца камунальна-бытавога абслугоўвання насельніцтва і добраўпарадкавання тэрыторый, кожнае трэцяе звязана з будаўнічай тэмай. Вялікая колькасць зваротаў сведчыць аб тым, што недапрацоўваюць менавіта мясцовыя органы ўлады.

Праведзеная Камітэтам дзяржкантролю праверка паказала, што праграма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006—2010 гады фактычна правалена. Напрыклад, толькі на 36 працэнтаў выканана заданне праграмы па закупках у насельніцтва бульбы, на 76,7 працэнта — па вытворчасці збожжа. У шэрагу рэгіёнаў і зусім ход рэалізацыі праграмы не кантралюецца. Вынікам такой "работы" стала мноства праблем, з якімі сутыкаюцца вяскоўцы. Так, для падсобных гаспадарак выдзелена недастаткова сенажацяў і пашы, сельгасарганізацыі не выдзяляюць сельскім жыхарам гатовыя кармы, адсутнічае сістэмнасць у пытанні ўключэння зямель уладальнікаў падсобных гаспадарак у грамадскі севазварот. Вяскоўцы пастаянна маюць праблемы са збытам атрыманай прадукцыі, з закупкай пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Жыхары сельскай мясцовасці скардзяцца на адсутнасць у вёсках коней, а значыць — магчымасцяў для апрацоўкі невялікіх участкаў зямлі.

Вынікам бяздзейнасці службовых асобаў Мінсельгасхарча і аблвыканкамаў, адказных за развіццё асабістых падсобных гаспадарак, стала скарачэнне пасяўных плошчаў і пагалоўя жывёлы. Напрыклад, з 2005 па 2008 год на чвэрць зменшыліся пасяўныя плошчы збожжавых культур, на 16,5 працэнта — бульбы, амаль у два разы скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Спрабуючы скрыць такія сумныя вынікі ў рабоце, у краіне штогод прыпісваецца каля 30 працэнтаў аб'ёмаў збожжа і бульбы, быццам бы вырашчаных на асабістых падворках. Зянон Ломаць падкрэсліў, што мясцовыя ўлады павінны ўсяляк дапамагаць у апрацоўцы зямельных участкаў усім вяскоўцам незалежна ад месца іх работы. Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржкантролю ўзмацніць праверкі, паўсюдна дэталёва вывучыць сітуацыю з падтрымкай асабістых падсобных гаспадарак.

Зянон Ломаць далажыў таксама аб выяўленых негатыўных момантах у рабоце аграпрамысловага комплексу, у прыватнасці, праблемах развіцця бульбаводства. Вінаватымі ў існуючай негатыўнай сітуацыі кіраўнік КДК назваў урад, Мінсельгасхарч і аблвыканкамы. Мясцовымі органамі ўлады не прымаюцца належныя меры для забеспячэння гаспадарак механізатарскімі кадрамі, з-за чаго прастойваюць трактары і іншая сельгастэхніка (на дату праверкі ў Гродзенскай вобласці не хапала 805 механізатараў).

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны таксама аб сітуацыі ў сферы аказання паслуг аўтасэрвісу і гандлю запчасткамі. Гэты бізнэс развіваецца бурна, і дзяржава павінна атрымліваць ад яго адпаведную аддачу, аднак па выніках праверак больш як 400 суб'ектаў устаноўлены масавыя парушэнні. Паводле ацэнкі Камітэта дзяржкантролю, у "ценявым" абароце знаходзіцца больш як 50 працэнтаў паслуг аўтасэрвісу, якія аказваюцца юрыдычнымі асобамі. Па матэрыялах праверак узбуджана 58 крымінальных спраў, вынесена 46 забаронаў на аказанне паслуг аўтасэрвісу і рэалізацыю запчастак.

Зянон Ломаць далажыў Прэзідэнту аб выяўленых у ходзе праверкі, якая прадаўжаецца, парушэннях у дзейнасці Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, а таксама ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ "Гродна Азот". У прыватнасці, з 11 інвестыцыйных праектаў, якія рэалізоўваліся на ААТ у 2007—2009 гадах, па трох праектах не быў дасягнуты эканамічны эфект, а рэалізацыя пяці была прыпынена, пры тым, што затраты па ажыццяўленні названых праектаў склалі Br342,6 млрд.

За 2009 год колькасць стратных арганізацый канцэрна "Беллеспаперапрам" узрасла амаль у два разы, затаваранасць складоў на некаторых заводах у чатыры разы перасягала сярэднямесячны аб'ём вытворчасці, з-за высокіх цэнаў прайграны 102 конкурсы на пастаўку мэблі і паперы.

У ходзе даклада Зянон Ломаць звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай узгадніць правядзенне асобных кантрольных мерапрыемстваў. У прыватнасці, Камітэт дзяржкантролю мае намер праверыць выкарыстанне Міністэрствам абароны, Дзяржаўным пагранічным камітэтам, Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы, выдзеленых на рэалізацыю сумесных саюзных праграм.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←20 апреля Президент Беларуси обратится с ежегодным Посланием к народу и Парламенту

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика