Вярхоўны Суд Беларусі першы на постсавецкай прасторы заняўся справамі прыватнага абвінавачвання
Пленум Вярхоўнага Суда вырашыў разабрацца з белымі плямамі ў галіне спраў прыватнага абвінавачвання ў крымінальным працэсе, расказаў журналістам Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага Суда.
— Такое пытанне ўпершыню ўносіцца на пленум, дый наогул ніхто на постсавецкай прасторы не займаўся справамі прыватнага абвінавачвання. Але, на наш погляд, гэтыя справы актуальныя як для простых людзей, так і для суддзяў, — заявіў Валянцін Алегавіч. — У нашым Крымінальным Кодэксе прыкладна 15 артыкулаў, якія прадугледжваюць прамы зварот грамадзяніна ў суд — гэта справы аб паклёпах, прычыненні лёгкіх цялесных пашкоджанняў, менш цяжкіх пашкоджанняў пры аўтамабільных аварыях і іншыя. Мы паспрабуем падчас пленума запоўніць прабелы ў заканадаўстве, якія датычацца такой катэгорыі спраў.
Галоўная задача, якую перад сабой ставіць Вярхоўны Суд, гэта спрасціць доступ грамадзян да правасуддзя па справах прыватнага абвінавачвання, каб судовыя працэдуры тут сталі паскоранымі, дынамічнымі і аператыўнымі. Таксама Вярхоўны Суд будзе прыкладаць максімум намаганняў для таго, каб бакі прыходзілі да прымірэння.
Валянцін Сукала паведаміў, што з 15 тысяч выпадкаў, калі органамі следства праводзіцца праверка, а потым спыняецца крымінальнае пераследаванне і грамадзяніну прапануюць звярнуцца ў суд, толькі прыкладна адна тысяча звяртаецца ў суды.
— Па-першае, нам трэба высветліць, чаму ж толькі адна тысяча грамадзян з пятнаццаці звяртаецца па судовую абарону; па-другое, паколькі сама судовая працэдура недастаткова прапісаная ў законе, мы паспрабуем дапоўніць і растлумачыць яе ў рамках нашых паўнамоцтваў.
Наогул Валянцін Сукала лічыць, што у Беларусі ёсць магчымасці для пашырэння катэгорыі спраў прыватнага абвінавачвання ў два разы, і ў бліжэйшы час Вярхоўны Суд выйдзе з такой ініцыятывай. Што датычыцца юрыдычнай граматнасці насельніцтва, то, на думку Валянціна Алегавіча, справы прыватнага абвінавачвання не патрабуюць ад грамадзяніна якой-небудзь асаблівай юрыдычнай адукаванасці:
— Дастаткова напісаць заяву аб працягненні да крымінальнай адказнасці ў вольнай форме (можна ад рукі, можна надрукаваць) сфармуляваць сваё жаданне і крыўду, а далей ужо ўсё будзе высвятляць суд. Таму я не думаю, што тут патрабуецца нейкая асаблівая прававая падрыхтаванасць, — лічыць Валянцін Сукала.
Таксама Валянцін Алегавіч паведаміў журналістам, што Вярхоўны Суд распрацаваў праект закона аб амністыі, прымеркаванай да 65-годдзя Вялікай Перамогі.
— Амністыя будзе такой, як і летась, але трохі шырэйшай, бо гістарычная дата сапраўды важная. Канешне, у першую чаргу амністыя закране ўдзельнікаў баявых дзеянняў, інвалідаў, няпоўнагадовых, якія здзейснілі злачынствы, што не ўяўляюць павышанай грамадскай небяспекі. Цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы ў поўнай меры пад гэты закон не падпадаюць, — паведаміў Валянцін Сукала. — Яшчэ яна закране асобаў, якія адбылі чвэрць пакарання і кампенсавалі матэрыяльную шкоду, а таксама прадугледжана скарачэнне пакарання на 1 год для некаторых іншых катэгорый асобаў.
Валянцін Сукала адзначыў, што падчас мінулай амністыі выйшлі на волю каля 3 тысяч чалавек, а сёлета амністыя будзе не менш маштабная. Праўда, пакуль гэта ўсё адлюстравана ў праекце.
Спыталі журналісты ў старшыні Вярхоўнага Суда і пра тое, што ён думае наконт увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.
— Гэтае пытанне не ў кампетэнцыі Вярхоўнага Суда, — адказаў Валянцін Алегавіч. — Што датычыцца прававых аспектаў, то, пакуль у заканадаўстве існуе гэты выключны від пакарання, суды абавязаныя яго прымяняць. Мы яго прымяняем, праўда, вельмі рэдка — напрыклад, летась прымянілі ў дачыненні да 2 чалавек — серыйных забойцаў. Судовая сістэма гатовая, а прыняцце рашэння — гэта кампетэнцыя кіраўніка дзяржавы і парламента, мы не маем права тут ужо каментаваць.
Павел БЕРАСНЕЎ.