Кэтрын Эштан: Аб’яднаная Еўропа будзе ўважліва сачыць за ходам мясцовых выбараў

Источник материала:  
Еўрасаюз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганні для таго, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адказвалі міжнародным стандартам і нормам АБСЕ.

Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан ад 30 сакавіка.

У заяве гаворыцца, што апошнім часам у Беларусі абмяжоўвалася свабода сходу, асацыяцыі і выказвання.

"ЕС глыбока занепакоены ўціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных структур у Беларусі. Так, няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя партыі па-ранейшаму сустракаюцца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую занепакоенасць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЕС вельмі важна, каб яны прайшлі добра", — адзначае Эштан.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэслівае, што аб'яднаная Еўропа будзе ўважліва сачыць за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Эштан таксама асудзіла прывядзенне ў выкананне смяротнага прыгавору ў дачыненні да двух беларусаў у Мінску. Яна заклікала беларускія ўлады апублікаваць поўную інфармацыю пра гэта, а таксама ўвесці мараторый на вышэйшую меру пакарання.

Пры гэтым еўрапейскі чыноўнік пацвердзіла гатоўнасць ЕС супрацоўнічаць з Беларуссю, у прыватнасці, у рамках палітыкі "Усходняга партнёрства". Паводле яе слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння залежыць ад "канкрэтных захадаў Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона".

Як БелаПАН паведамляў раней, у нядаўнім адкрытым лісце да СМІ пасол Беларусі ў Бельгіі Уладзімір Сянько адзначыў, што ў "Беларусі і ЕС высокія чаканні ад двухбаковых адносін". "Не ўсім задаволеныя нашы партнёры ў Бруселі, але, што важна падкрэсліць, і асноўныя чаканні Беларусі не зусім задаволеныя Еўрасаюзам", — заўважыў Сянько.

Паводле яго меркавання, "падобная сітуацыя характэрная амаль для ўсіх галін супрацоўніцтва — ад палітыкі і эканомікі да кантактаў паміж людзьмі". "Мы ўсё яшчэ разлічваем на адчувальныя вынікі", — падкрэслівалася ў лісце.

Беларускі пасол звярнуў увагу на тое, што Мінск "пагадзіўся пачаць з ЕС дыялог па правах чалавека, нягледзячы на тое, што ЕС пакуль не выканаў адну з умоў гэтага дыялогу — план дзеяння для развіцця двухбаковых адносін".

←Гайдукевич идет в президенты с блоком «Новая Беларусь – Единство»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика