Фотакарэспандэнта «Нашай нівы» Юлію Дарашкевіч будуць судзіць 24 сакавіка
Суд над журналісткай адбудзецца 24 сакавіка. За дзень да Дня Волі. На Юлію Дарашкевіч склалі два пратаколы. У адным фотакарэспандэнта абвінавачваюць у тым, што яна «нанесла цялесныя пашкоджанні грамадзяніну Восіпаву В.В.» – супрацоўніку міліцыі, які прысутнічаў на акцыі ў цывільным. У другім пратаколе напісана, што Дарашкевіч «упіралася нагамі ў тратуарную плітку, вырывалася, чым аказвала супраціўленне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі».
– Нягледзячы на тое, што ў пратаколе напісана «гл. матэрыялы справы», нам з адвакатам азнаёміцца са справай не далі, сказаўшы, што матэрыялы будуць толькі на судзе, – распавяла «Салідарнасці» Юлія. – Зараз адвакат збіраецца пісаць скаргі, у тым ліку на пагрозы, якія гучалі 15 сакавіка ў адрас мяне і маёй сям’і, а таксама на перашкоды ў выкананні прафесійных абавязкаў.
– Канешне, пратакол пра тратуарную плітку мяне парадаваў, – смяецца рэпарцёр. – Я думала, што, як заўсёды, будзе нешта звязанае з «лаянкай». За гэта неяк сорамна нават. Але тут усё прыемна. Калі б я не ўпіралася нагамі ў тратуарную плітку, яны б, напэўна, пісалі, што ім давялося несці мяне на руках.
На пытанне, ці будзе яна асвятляць акцыю салідарнасці, якая адюудзецца 16 сакавіка, калега адказала, што пакуль не ведае.
Нагадаем, што 16 лютага падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Дарашкевіч забралі журналісцкае пасведчанне і, сказаўшы «Вы затрыманая», павялі яе ў аўтобус. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сцвярджаў, што журналістка ударыла яго ў твар.