Вылучэнне ва ўчастковыя камісіі не прайшло без эксцэсаў
На Віцебшчыне завершылася вылучэнне ў склады ўчастковых выбарчых камісій. Нават 6 і 7 сакавіка да 17-00 усе жадаючыя суб'екты выбарчага працэсу змаглі вылучыць прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій і прадставіць у гар- райвыканкамы, органы, што ўтвараюць камісіі, дакументы аб вылучэнні. У гэтыя дні ў мясцовых выканаўчых органах улады было арганізаванае дзяжурства.
Аднак, у абласным цэнтры, былі адзначаныя некаторыя эксцэсы, звязаныя з вылучэннем ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.Так, 6 сакавіка віцебскаму каардынатару руху “За Свабоду” Хрыстафору Жэляпаву дзяжурным работнікам Кастрычніцкага райвыканкама Віцебску было адмоўлена ў прыёме дакументаў на вылучэнне ва ўчастковую камісію. Кіраўнік справамі гэтай раённай адміністрацыі паведаміла, што ў дзяржаўнай установе выходны дзень і прыгразіла выклікаць міліцыю. Х. Жэляпаў накіраваў скаргу аб парушэнні выбарчага закона ў Цэнтральную выбарчую камісію краіны.
У гэты ж дзень у актывіста незарэгістраванай апазіцыйнай партыі БСДП НГ Аляксея Гаўруцікава спрабавала атрымаць подпіс 16-летняя дзяўчына на карысць яе настаўніцы, якая намерана ўвайсці ва ўчастковую выбарчую камісію.
Да таго ж, сам А. Гаўруцікаў патэлефанаваў у адміністрацыю Першамайскага раёна г. Віцебску для таго, каб даведацца аб працы выканкама ў гэты дзень. Але дзяжурная па адміністрацыі паведаміла, што дакументы на вылучэнне ва ўчастковую камісію не будуць прынятыя, бо ў выходны дзень дзяржустанова не працуе.
У сераду 10 сакавіка ў 9.00 амаль ва ўсіх выканкамах вобласці пройдуць паседжанні райвыканкамаў па пытанні стварэння ўчастковых выбарчых камісій. Паводле заканадаўства, на паседжанні маюць права прысутнічаць прадстаўнікі працоўных калектываў, партый, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, а таксама груп грамадзян, якія выслучылі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання. Гэтым правам збіраюцца скарыстацца прадстаўнікі апазіцыйных партый і іншых структур Віцебскай вобласці.