Уладзімер Літвін: “Сябры “Эўранэсту” павіны мець роўны статус”
05.03.2010
—
Новости Политики
У размове з Rzeczpospolita прэсавы сакратар Ўладзімера Літвіна Вольга Чорна патлумачыла, што асноўная ідэя звароту “партнэрскай пяцёркі” — заклік “роўна ставіцца да ўсіх сябраў гэтага праекту. Парлямэнты шасьці краін павінны мець аднолькавы статус. Гэтыя прынцыпы — ключавыя для стварэньня “Эўранэсту”.
Як падаюць польскія СМІ, заява “партнэрскай пяцёркі” зробленая на тле крытычнага дакладу па Беларусі, які падрыхтавала на падставе свайго нядаўняга візыту ў Менск дэлегацыя Эўрапарлямэнту. У гэтым дакумэнце эўрадэпутаты патрабуюць ад беларускіх уладаў вызваленьня палітвязьняў, захаваньня правоў чалавека і правядзеньня свабодных выбараў. У выпадку ігнараваньня Менскам гэтых патрабаваньняў аўтары дакладу лічаць мэтазгодным увядзеньне эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Паведамляецца, што даклад будзе абмеркаваны на сэсіі Эўрапарлямэнту на наступным тыдні ў Страсбуры і на яго падставе будзе прынятая рэзалюцыя па Беларусі.
Паводле польскіх выданьняў, сябры Эўрапарлямэнту занепакоеныя, што на заплянаванай на 24—25 сакавіка першай нарадзе ПА “Ўсходняга партнэрства” прадстаўнікі пяці былых савецкіх рэспублік на знак салідарнасьці зь Беларусьсю могуць паспрабаваць правесьці галасаваньне наконт паправак да правілаў “Эўранэсту”. Ня выключана, што гэтую нараду адкладуць да красавіка, пасьля таго як міністры ЭЗ на сваёй сустрэчы абмяркуюць сытуацыю па Беларусі ў сувязі зь нядаўнім перасьледам польскай меншасьці ў гэтай краіне.