Новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекi Беларусi плануецца распрацаваць да чэрвеня

Источник материала:  

Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 18 лютага правёў рабочую сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекi Леанiдам Мальцавым.

Леанiд Мальцаў прадставiў даклад аб выкананнi даручэнняў кiраўнiка дзяржавы, у тым лiку аб ходзе распрацоўкi новай Канцэпцыi нацыянальнай бяспекi. Завяршыць гэту работу плануецца да чэрвеня гэтага года. Кiраўнiк дзяржавы быў таксама праiнфармаваны аб вынiках работы праваахоўных органаў за мiнулы год. Прэзiдэнт даў даручэнне выпрацаваць дзейсныя крытэрыi ацэнкi работы праваахоўных органаў. У iх аснове павiнны быць не проста колькасныя паказчыкi, а рэальная абарона жыцця, здароўя i годнасцi грамадзян, падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Размова iшла i аб праблеме кампенсацыi нанесенага ўрону. Як паказвае аналiз, кампенсацыя ўрону па ўсiх злачынствах i здарэннях у сярэднiм складае каля 25 працэнтаў. Неабходна прымаць належныя меры, каб гэты паказчык вырас у разы. А самае галоўнае -- патрэбна эфектыўная прафiлактыка злачынстваў, правапарушэнняў i недапушчэнне ўрону.

У цэнтры ўвагi на сустрэчы была i тэма барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў. Хоць гэта праблема для Беларусi характэрна ў меншай ступенi, чым для iншых краiн рэгiёна, нi ў якiм разе нельга дапускаць павелiчэння колькасцi нарказалежных асобаў. Прэзiдэнт даручыў дасканала прааналiзаваць сiтуацыю ў гэтай сферы i ўзмацнiць меры па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў.

На сустрэчы было закранута пытанне альтэрнатыўнай ваеннай службы. "Па гэтай тэме шмат розных iнсiнуацый. Мiж тым у Беларусi альтэрнатыва тэрмiновай службе iснуе. Напрыклад, акрамя тэрмiновай службы ёсць служба ў рэзерве, якая з'яўляецца альтэрнатыўнай, -- сказаў Леанiд Мальцаў. -- Юнакi таксама атрымлiваюць воiнскiя спецыяльнасцi на ваенных факультэтах i ваенных кафедрах у навучальных установах, а потым тэрмiн iх службы складае ўсяго 6 месяцаў".

Што датычыцца дзеючага механiзма вызвалення ад тэрмiновай службы, то рашэнне аб гэтым на законных падставах можа прымаць Прэзiдэнт. Адпаведна штогод выдаецца ўказ, на падставе якога даюцца адтэрмiноўкi, у тым лiку для тых грамадзян, якiя па сваiх рэлiгiйных перакананнях не могуць браць у рукi зброю. Паводле даных дзяржсакратара Савета Бяспекi, гэта 50—60 чалавек штогод за час прызыву. Кiраўнiк дзяржавы, заслухаўшы даклад па гэтым пытаннi, даручыў у адпаведнасцi з 57-м артыкулам Канстытуцыi Беларусi распрацаваць закон аб праходжаннi альтэрнатыўнай службы.

Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

←Косовские параллели

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика