Па ўсёй краіне пікеты ў шматлюдных месцах забаронены

Источник материала:  
Па ўсёй краіне пікеты ў шматлюдных месцах забароненыМаючы багатую фантазію, можна ўявіць, што пікет на любым тратуары і нават на лясной сцяжынцы будзе перашкаджаць руху людскіх патокаў. Таму патэнцыйна ўся тэрыторыя аднесеная да забароненых месцаў.Менск

Сёлета яшчэ адным новаўвядзеннем выбарчага працэсу стала вызначэнне месцаў, у якіх забаронена правядзенне пікетаў па зборы подпаісаў выбаршчыкаў. Законам упершыню ўсталяваны ўмовы, якія тычацца гэтага аспекту.

- Для правядзення збору подпісаў дазволу і ўзгадненні не трэба, але тэрыторыя для пікетавання цвёрда рэгламентавана,  - каментуе навіны гэтых выбараў Сяргей Альфер, спецыяліст у галіне выбарчага права, сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі.

-- Адпаведнасць гэтага новаўвядзення выбарчаму праву і разумнаму сэнсу наогул -- пытанне дыскусійнае, -- дадаў Сяргей Альфер. -- У Менску гэта асабліва не перашкодзіць збору подпісаў, але ў дачыненні да рэгіёнаў такі падыход створыць пэўныя цяжкасці. Вызначэнне забароненых для пікетавання месцаў, на мой погляд, прывядзе да зніжэння актыўнасці насельніцтва, калі не звядзе гэту актыўнасць да нуля.

Месцы для правядзення пікетаў, вызначаныя мясцовымі органамі ўлады, па меркаванні Анатоля Паўлава, старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП, яшчэ больш пазбавяць магчымасці кандыдатаў у дэпутаты працаваць з выбаршчыкамі.

- Фактычна, гэта парушэнне правоў кандыдатаў на стасункі з грамадзянамі, - заявіў ён. - Раней можна было збіраць подпісы людзей фактычна ў любым месцы, калі гэта не замінала астатнім людзям. Зараз жа кандыдаты моцна абмежаваныя ў магчымасцях, і гэта выразна ілюструе ступень "дэмакратычнага" настрою беларускай улады.

Аб'яднаная грамадзянская партыя падрыхтавала да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў 26 склікання 15 чалавек па Менску, большасць з якіх, па словах кіраўніцтва партыі, "досыць маладыя, але таленавітыя людзі, якія ўжо маюць досвед выбарчай барацьбы".

- Мы вылучаем кандыдатамі ў дэпутаты моладзь, якая жадае, каб беларусам было не сорамна за сваю краіну, - распавёў Анатоль Паўлаў. - Некаторыя з іх ужо балатаваліся кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Кандыдаты ад АГП будуць самі вырашаць, як ім працаваць з насельніцтвам, аднак старшыня менскай арганізацыі АГП лічыць, што "паходы ў народ" - гэта рэальная магчымасць пазнаёміцца з выбарнікамі, лепш зразумець настроі людзей.

Гомель

Гомельскі гарвыканкам вызначыўся з месцамі, дзе нельга праводзіць пікеты па збору подпісаў. Як вынікае з рашэння гарвыканкаму ад 11 лютага, забаронена пікетаванне на аб'ектах аўтамабільнага, чыгуначнага і воднага транспарту, на прыпынках грамадскага транспарту, на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў тэлерадыецэнтраў, падземных пешаходных пераходаў. Таксама нельга праводзіць пікеты на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых і выканаўчых органаў, судоў, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназольнасць, бяспеку дзяржавы, а таксама жыццядзейнасць насельніцтва — грамадскі транспарт, прадпрыемствы вада-, цепла- і энегразабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя установы, школы і гімназіі.

Згодна з рашэннем, аддзелы унутраных спраў адміністрацый павінны прыняць меры па прадухіленні правядзення збору подпісаў выбаршчыкаў у месцах, не прадугледжаных для гэтых мэтаў.

Гарадскія ўлады зацвердзілі спіс памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Напрыклад, у Чыгуначным раёне тры такія месцы — актавая зала ДК «Гомсельмаш», актавая зала ДК «Гомельшкло» - у паселку Касцюкоўка, і актавая зала ДК глухіх «Віпра». Кандыдаты могуць скарыстацца магчымасцю сустрэч на адкрытых пляцоўках, прапанаваных уладамі. У Чыгуначным раёне гэта можна зрабіць зноў жа ля ДК глухіх «Віпра», ля ДК «Гомельшкло» у Касцюкоўцы і каля корпуса медуніверсітэта ў мікрараене «Гомсельмаш». Варта заўважыць, што ўсе пералічаныя памяшканні і пляцоўкі знаходзяцца далека не ў цэнтры не толькі горада, але і раёна.

У Навабеліцкім раёне памяшканні для сустрэч вызначаны ўсе ў актавых залах школ. А адкрытая пляцоўка ў раёне вызначана адна — каля зоны адпачынку «Пруды», дзе якраз, напэўна, «шматлюдна» зімой. У Савецкім раёне ў спісе памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі таксама актавыя залы трох школ. У Цэнтральным раёне выначаны два памяшканні — актавая зала ЖЭУ на вуліцы Чачэрскай, у спальным раёне, і зала паседжаняў вучэбна-метадычнага цэнтра прафсаюзнага аб'яднання на вуліцы Галавацкага. У Савецкім раёне сустрэцца з выбаршчыкамі можна каля ДК «Фестывальны», на вуліцы Уладзімірава і ў раёне гімназіі імя Мележа. Кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў павінны садзейнічаць кандыдатам у дэпутаты пры арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі.

Каб сустрэцца з працоўнымі калектывамі, кандыдаты павінны ўзгадніць гэта з кіраўніцтвам. А міліцыя павінна забяспечыць ахову грамадскага парадку на мерапрыемствах пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што з прыняццем такога рашэння значна пагоршылася сітуацыя са зборам подпісаў. З рашэння гарвыканкама вынікае, што пікетаваць можна толькі ў бязлюдных месцах. «Раней мы самі вызначаліся з месцамі, і, канечне, выбіралі шматлюдныя пляцоўкі для збору подпісаў. Зараз жа паспрабуй, напрыклад, у цэнтры горада знайсці такое месца, каб побач не было адміністрацый, прадпрыемстваў, школ — гэта складана. Кандыдаты ад уладаў будуць ісці на выбары ў асноўным ад працоўных калектываў, таму дрэнныя ўмовы пікетавання закрануць у першую чаргу дэмакратычных кандыдатаў», - лічыць Палякоў.

Гаворачы пра месцы для сустрэч з выбаршчыкамі — напрыклад, актавыя залы школ, старшыня арганізацыі АГП заўважыў, што ў рашэнне ўключана важная акалічнасць — па ўзгадненні з кіраўніцтвам арганізацый, напрыклад, дырэктарамі школ. «Калі яны не будуць зацікаўлены ў правядзенні такіх сустрэч, то будуць мець права не дазволіць гэта рабіць. А падставы знойдуцца. Скажам, у актавай зале праводзіцца нейкае мерапрыемства, ці ідзе рамонт, ці ўборка памяшкання», - выказаў меркаванне Палякоў.

Брэст

Рашэнне Брэсцкага гарвыканкама аб вызначэнні забароненых месцаў для правядзення пікетавання па збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы аўтаматычна выціскае ініцыятыўныя групы кандыдатаў на задворкі горада.

Згодна з рашэннем № 234 Брэсцкага гарвыканкама, ў горадзе вызначаны месцы, забароненыя для пікетаў ініцыятыўных груп па збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты. У спіс забароненых месцаў трапілі цэнтральныя вуліцы Брэста: вул. Леніна, вул. Савецкая, вул. Гогаля, вул. Міцкевіча, вул. Маскоўская (ад Кобрынскага чыгуначнага маста да крамы “Астор-Вест”), праспект імя П.М. Машэрава, бульвар Касманаўтаў, бульвар Шаўчэнка, плошча Свабоды, плошча Леніна, сквер імя Н.Ф. Іконнікава. У гэтым жа спісе аб’екты чыгуначанага і воднага транспарту, тэрыторыя філіяла “Аўтавакзал г. Брэста”, тэрыторыя “Мемарыяльнага комплека “Брэсцкая крэпасць-герой”. Забаронена праводзіць пікеты на адлегласьці 200 метраў ад будынку рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтра “Тэлерадыёкампанія “Брэст”, на адлегласьці 50 метраў – ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, распарадчых і выканаўчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і інш. Сярод забароненых месцаў і тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць абаронадзейнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транпарт, бальніцы, адукацыйныя ўстановы і іншыя).

Бабруйск

Стала вядома, у якіх месцах Бабруйску нельга будзе праводзіць пікеты з мэтай  збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты.  У спіс патрапілі такія шматлюдныя месцы горада, як плошча Леніна і плошча Перамогі. Таксама нельга будзе збіраць подпісы на адлегласці менш 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры, на тэрыторыях арганізацый, грамадскага транспарту, прадпрыемстваў вода-, цепла, энэргазабеспячэння, установаў аховы здароўя, культуры і спорта, дзіцячай, дашкольнай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Акрамя гэтага пад забарону патрапілі прахадныя прадпрыемстваў. Такім чынам, у спіс патрапілі ўсе месцы ў Бабруйску, дзе можа сабрацца немалая колькасць людзей.

Трэба адзначыць, што пад гэтым спісам – за подпісамі старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава і яго намесніка Міхаіла Кавалевіча, стаяла шматкроп’е. Гэта дае падставу думаць, што спіс пры жаданні гарадскіх уладаў можа быць і пашыраны. Сваё рашэнне чыноўнікі патлумачылі мэтамі “забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі грамадзянаў”. 

Віцебшчына 

У раёнах Віцебскай вобласці ўлады  ўжо вызначыліся з месцамі, забароненымі для пікетавання і збору подпісаў. Дакументы носяць розныя назвы, але не дужа адрозніваюцца па змесце.

Так, дакумент прыняты Пастаўскім райвыканкамам 09.02.2010 г. носіць назву “О запрещении пикетирования”. Глыбоцкі райвыканкам прыняў 08.02.2010 рашэнне “Об  определении  мест,  запрещенных для проведения пикетирования с целью сбора  подписей  избирателей  по выдвижению  кандидатов  в  депутаты местных  Советов  депутатов”, у Гарадку той жа датай пазначаны дакумент “Об определении мест для проведения массовых мероприятий с целью осуществления предвыборной агитации”, у Шуміліне -- «Об определении мест, запрещенных для проведения пикетирования с целью сбора подписей избирателей по выдвижению кандидатов в депутаты местных Советов депутатов двадцать шестого созыва».

Сэнс  вышэйназваых дакументаў прыкладна  адзін і той жа. Пад забаронай  для правядзення пікетаў для збору подпісаў аказаліся ўсе найбольш людныя месцы кожнага населенага пункта. У пералік партапілі аўта і чыгуначныя станцыі, крамы, дзяржустановы, а таксама “места, в которых в результате проведения сбора подписей возникнут препятствия для движения транспорта и людских потоков”.

  st1\:*{behavior:url(#ieooui) }

Талачынскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне 8 лютага 2010 г. №77 "Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай  збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні  кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў."

Мясцовыя чыноўнікі вырашылі  забараніць збор подпісаў у месцах, якія перашкаджаюць руху транспарта і людскіх патокаў, на аб'ектах чыгуначнага і аўтамабільнага транспарта, тэрыторыях арганізацый і прадпрыемстваў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (чыгуначныя і аўтавакзалы, станцыі, грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, бібліятэкі, агульнаадукацыйныя ўстановы, установы гандлю і сувязі) Талачынскага раёна.

Як гэтая забарона будзе выконвацца, ускладзены кантроль на начальніка аддзела ідэалагічнай працы Талачынскага райвыканкама Е.Коласаву начальніка аддзела арг.-кадравай працы райвыканкама В.Буяк, намесніка старшыні райвыканкама М. Завадскага.

Чакаецца, што падобныя пастановы будуць абнародаваныя і іншымі раённымі ды гарадскімі камітэтамі рэгіёна.  

Орша

Аршанскі гарадскі і аршанскі раённы выканкамы ў адзін дзень 8 лютага прынялі рашэнні, вызначальныя месцы, у якіх забароненае пікетаванне для збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў.

Так, у горадзе Орша пікеты забаронена праводзіць "ва ўстановах адукацыі; ва ўстановах аховы здароўя; на аб'ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва; ва ўстановах культуры; на прамысловых, транспартных, будаўнічых і іншых арганізацыях вытворчай сферы; на аўтавакзале, чыгуначным вакзале, на прыпынках грамадскага транспарта; у культавых будынках і пабудовах".

Усе гэтыя абмежаванні не выклікалі б асаблівых пытанняў, калі б не адна заўвага. Пікеты забаронены не толькі ў вышэйназваных месцах, а яшчэ і "з прылягаючай тэрыторыяй". Як далёка распасціраецца гэтая самая "прылягаючая тэрыторыя", выканкам не ўдакладніў, што пакідае магчымасці для розначытанняў.

Яшчэ больш пытанняў пакідае рашэнне Аршанскага райвыканкама. На тэрыторыі раёна забаронена пікетаванне "у месцах, якія перашкаджаюць руху транспарта і людскіх патокаў". Маючы багатую фантазію, можна ўявіць, што пікет на любым тратуары і нават на лясной сцяжынцы будзе перашкаджаць руху людскіх патокаў. Таму патэнцыйна ўся тэрыторыя раёна аднесеная да забароненых месцаў.

Баранавічы

Баранавіцкая аб’яднаная газета “Наш край” надрукавала рашэнне гарвыканкама адносна вызначаных месцаў у горадзе, дзе нельга праводзіць пікеты з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў. Гэта, безумоўна, самыя шматлюдныя месцы горада: аб’екты аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, прахадныя прамысловых прадпрыемстваў горада. Таксама нельга збіраць подпісы на адлегласці меней 50 метраў ад будынкаў органаў мясцовага самакіравання, рэдакцыі газеты “Наш край”, тэлекампаніі “Інтэкс”, тэрыторый арганізацый, забяспечваючых абароназдольнасць і небяспечнасць дзяржавы, а таксама ля бальніц, школ, прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання.

Гарвыканкам таксама прыняў рашэнне аб месцах для агітацыі падчас выбараў у мясцовыя Саветы. У рашэнні гарвыканкама гаворыцца, што на падставе артыкула 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь гэтым месцам становіцца стары парк культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай з боку вуліцы Царука. Але вызначанае месца для агітацыі сёння цалкам засыпанае снегам, тут няма пляцовак, каб людзі маглі стаяць і агітаваць за сваіх кандыдатаў. Болей таго, дэмакратычныя актывісты падлічылі, што ў старым парку з боку вуліцы Царука, дзе можна агітаваць, адзін чалавек праходзіць на працягу 40-45 хвілін. Вось вам і “роўныя магчымасці свабоднага і ўсебаковога абмеркавання праграм кандыдатаў у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў”, як прыгожа гаворыцца ў рашэнні гарвыканкаму.

←Состоялся телефонный разговор Александра Лукашенко с Виктором Ющенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика