Беларусь ратыфiкавала пратакол да пагаднення з Расiяй аб умовах паставак нафты
Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўказам ад 12 лютага зацвердзiў Пратакол аб унясеннi змяненняў у Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Расiйскай Федэрацыi аб мерах па ўрэгуляваннi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва ў галiне экспарту нафты i нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года.
Указам выказана згода Беларусi на абавязковасць для яе гэтага пратакола. Такiм чынам, Беларусь, таксама як i Расiя, своечасова выканала ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сiлу гэтага дакумента.
У адпаведнасцi з указам Савету Мiнiстраў Беларусi даручана прыняць меры, неабходныя для рэалiзацыi пратакола.
Указ уступае ў сiлу з дня яго падпiсання.
Пратакол аб унясеннi змяненняў у Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Расiйскай Федэрацыi аб мерах па ўрэгуляваннi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва ў галiне экспарту нафты i нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года быў падпiсаны ў Маскве 27 студзеня 2010 года. У адпаведнасцi з гэтым дакументам вывазной мытнай пошлiнай не абкладаецца нафта, якая транспартуецца з Расiйскай Федэрацыi ў Рэспублiку Беларусь, зыходзячы з гадавога аб'ёму ўнутранага спажывання рэспублiкай расiйскай нафты. На 2010 год гэты аб'ём устаноўлены ў памеры 6,3 млн тон. Памер мытнай пошлiны на нафту, якая вывозiцца з Расii звыш пастаўляемага ў бяспошлiнным рэжыме аб'ёму нафты, вызначаецца зыходзячы са ставак, устаноўленых у адпаведнасцi з заканадаўствам Расii.
Учора завяршыў ратыфiкацыю пратакола аб умовах пастаўкi нафты ў Беларусь i парламент Расii. На пазачарговым пасяджэннi дакумент адобрыла верхняя палата — Савет Федэрацыi, крыху раней пратакол быў ратыфiкаваны дэпутатамi Дзярждумы Расii.
Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.