Нарматыўны капiтал банкаўскага сектара Беларусi ў 2010 годзе павялiчыцца на 24—25 працэнтаў

Источник материала:  

Пры гэтым доля праблемных актываў у актывах, залежных ад крэдытнай рызыкi, не перасягне 10 працэнтаў. Гэта прадугледжана Асноўнымi напрамкамi грашова-крэдытнай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь на 2010 год. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка ўказам № 591 ад 7 снежня 2009 года зацвердзiў гэты дакумент.

У 2010 годзе грашова-крэдытная палiтыка будзе накiравана на падтрымку знешняй i ўнутранай збалансаванасцi эканомiкi Беларусi як адной з галоўных умоў яе стабiльнага развiцця.

Курсавая палiтыка захавае ролю важнейшага iнструмента дасягнення знешняй i ўнутранай устойлiвасцi беларускага рубля. У 2010 годзе захаваецца прывязка курсу беларускага рубля да карзiны замежных валют (еўра, долар ЗША i расiйскi рубель). Для забеспячэння неабходнай гiбкасцi рэагавання абменнага курсу на змяненне сiтуацыi на знешнiх рынках будзе выкарыстоўвацца калiдор ваганняў кошту карзiны замежных валют плюс/мiнус 10 працэнтаў ад цэнтральнага значэння, роўнага кошту карзiны, што склаўся да пачатку 2010 года.

Стаўка рэфiнансавання да канца 2010 года пры прагназуемым узроўнi iнфляцыi складзе 9—12 працэнтаў гадавых. Працэнтная палiтыка арыентавана на даступнасць крэдытаў суб'ектам эканомiкi i стымуляванне прыцягнення ў банкаўскiя дэпазiты сродкаў юрыдычных i фiзiчных асобаў. На канец 2010 года працэнтныя стаўкi па новых рублёвых крэдытах нефiнансаваму сектару складуць 12—15 працэнтаў гадавых, па новых тэрмiновых рублёвых дэпазiтах у банках — 10—13 працэнтаў гадавых.

Дэпазiты фiзiчных асобаў узрастуць на Br5,6—7,2 трлн, юрыдычных асобаў — на Br5,1—6,2 трлн.

Прагназуецца, што мiжнародныя рэзервовыя актывы ў вызначэннi Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных Мiжнароднага валютнага фонду за 2010 год павялiчацца на $0,5—1,83 млрд.

У 2010 годзе прыярытэтнымi напрамкамi развiцця банкаўскага сектара рэспублiкi стануць пераадоленне негатыўных наступстваў сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу i забеспячэнне ўстойлiвасцi функцыянавання банкаў.

Прырост актываў банкаў будзе на ўзроўнi 31—36 працэнтаў, што складзе 63 працэнты да ВУП. Патрабаваннi банкаў да эканомiкi ўзрастуць на 36—40 працэнтаў i дасягнуць 51 працэнта да ВУП.

Пры гэтым доля крэдытаў, што выдаюцца банкамi ў рамках дзяржаўных праграм, у агульным аб'ёме патрабаванняў банкаў да эканомiкi ў 2010 годзе знiзiцца адносна 2009 года на 2—3 працэнтныя пункты.

У мэтах пашырэння фiнансавага рынку i ўключэння ў яго новых удзельнiкаў у 2010 годзе прадоўжыцца работа па стварэннi новых фiнансавых iнструментаў i механiзмаў, якiя шырока выкарыстоўваюцца ў сусветнай фiнансавай практыцы.

Указ уступае ў сiлу з 1 студзеня 2010 года.

Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

←Знать — уметь — умнеть

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика