У Беларусі фарміруецца выбарчы штаб прадпрымальніцкага блока
Паводле яго слоў, блок неабходны для адстойвання інтарэсаў прадпрымальнікаў, падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, папулярызацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі праграмы ЕС "Усходняе партнёрства" і вяртання Беларусі ў Еўропу. Удзельнікі блока таксама маюць намер запатрабаваць вызвалення палітзняволеных і амністыі для прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў зняволенні па эканамічных матывах.
Як паведаміў Сіўчык, пасля кансультацый з прадпрымальнікамі, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя, прынята рашэнне аб стварэнні да 1 снежня 2009 года выбарчага штаба прадпрымальніцкага блока.
"Тое, што цяпер творыцца на рынках, тыя абмежаванні, якія дзейнічаюць у дачыненні да прадпрымальнікаў (напрыклад, абмежаванне на найм работнікаў), не могуць быць вырашаны ў рамках нейкіх грамадскіх ініцыятыў. Трэба прадстаўніцтва ў мясцовых органах улады. І таму мы арганізуем прадпрымальніцкі блок. Гэты блок адкрыты і для іншых прадпрымальніцкіх структур, якія захочуць да яго далучыцца", — сказаў Сіўчык.
"Акрамя таго, мы пацвярджаем сваю пазіцыю адносна прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў 2011 годзе. Мы не вылучаем свайго кандыдата і не падтрымліваем нічыю кандыдатуру", — адзначыў Сіўчык.
На пасяджэнні, прысвечаным стварэнню блока, прадпрымальнікі чарговы раз запатрабавалі неадкладнага вызвалення Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, паведаміў Сіўчык.