Пераход на 11-гадовы тэрмiн навучання ў Беларусi прайшоў аператыўна i лёгка

Источник материала:  

Пераход агульнаадукацыйных устаноў на 11-гадовы тэрмiн атрымання агульнай сярэдняй адукацыi ў Беларусi прайшоў аператыўна i лёгка. Аб гэтым заявiў кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Уладзiмiр Макей 21 кастрычнiка на пасяджэннi калегii Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, на якiм разглядалася пытанне аб эфектыўнасцi мераў, што прымаюцца органамi дзяржкiравання па выкананнi патрабаванняў дэкрэта № 15 "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыi".

Прадметам абмеркавання сталi не столькi дасягнутыя поспехi, колькi слабыя месцы сучаснай школы. На думку Уладзiмiра Макея, максiмальна поўную i аб'ектыўную карцiну даў манiторынг, праведзены ў 196 установах адукацыi. Ён уключаў анкетаванне 40 тыс. рэспандэнтаў, у першую чаргу навучэнцаў, педагогаў, бацькоў. Галоўны вывад — пераход на 11-гадовы тэрмiн навучання адыграў станоўчую ролю i атрымаў падтрымку насельнiцтва. Аднак ёсць i памылкi, i пралiкi, i праблемы — менавiта на iх быў зроблены акцэнт у выступленнях удзельнiкаў адкрытай размовы на калегii аб сённяшнiм i заўтрашнiм днi агульнай сярэдняй адукацыi ў краiне.

Як паказаў манiторынг, у грамадстве неадназначна ставяцца да адмены профiльнага навучання. Факультатыўныя заняткi не сталi яму дастойнай альтэрнатывай: методыка iх арганiзацыi не дае магчымасцi ў поўнай меры задаволiць патрэбнасцi школьнiкаў у паглыбленым вывучэннi асобных прадметаў. Трэба разабрацца i з практыкай правядзення заняткаў на платнай аснове. Цяжкасцi ўзнiкаюць i з наведваннем НВК, а гэта звужае магчымасцi прафпадрыхтоўкi навучэнцаў.

Прагучала крытыка ў адрас урокаў фiзкультуры. "Заняткi праходзяць нудна, забiваюць у дзецях цiкавасць да спорту, а абавязковыя для выканання нарматывы часта непасiльныя для вучняў", — сказаў Уладзiмiр Макей. Неабходна палепшыць i якасць выкладання замежных моў.

Бацькi i вучнi адзначаюць, што субота не стала паўнацэнным днём адпачынку — значыць, патрабуюцца новыя падыходы да правядзення шостага школьнага дня з улiкам iх iнтарэсаў. "Неабходна адысцi ад фармалiзму i заарганiзаванасцi, узмацнiць выхаваўчае ўздзеянне настаўнiкаў на навучэнцаў пры правядзеннi пазаўрочных i пазашкольных мерапрыемстваў, бо ў сiстэме выхаваўчай працы няма дробязяў", — падкрэслiў кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта. I падзялiўся асабiстымi ўражаннямi ад наведвання адной навучальнай установы 1 верасня. "Не працавала, як трэба, апаратура, а само мерапрыемства было вельмi зацягнута, — сказаў ён. — Якi эфект? Нулявы!"

Школы (асаблiва ў вёсцы) маюць дэфiцыт матэматыкаў, фiзiкаў, хiмiкаў, а гарадскiя школы маюць залiшнюю колькасць настаўнiкаў беларускай i англiйскай моў, музыкi, выяўленчага мастацтва, культуралогii. Забяспечанасць педагагiчнымi кадрамi — асноўны фактар. Трэба адзначыць, што (насуперак негатыўным прагнозам апанентаў пераходу на 11-гадовы тэрмiн навучання) масавых скарачэнняў настаўнiкаў не было: скарачэнне засталося на ўзроўнi мiнулых гадоў, калi ў сувязi з дэмаграфiчнай сiтуацыяй i аптымiзацыяй сеткi ўстаноў адукацыi пакiдалi рабочыя месцы 200—300 настаўнiкаў. "Неабходна пастаянна трымаць руку на пульсе, каб нiхто з настаўнiкаў, якiя апынулiся пад пагрозай скарачэнняў, не пацярпеў, не быў пакiнуты на волю лёсу", — паставiў задачу кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта.

Што датычыцца квалiфiкацыi педагогаў, то яна павысiлася: у 2009 годзе 89,8 працэнта педагагiчных работнiкаў мелi вышэйшую адукацыю (у 2008 годзе — 86,9 працэнта), вышэйшую i сярэднюю катэгорыю — 71,7 працэнта педагогаў супраць 67,9 працэнта.

Паводле слоў мiнiстра адукацыi Аляксандра Радзькова, галоўная задача — гэта павышэнне якасцi агульнай сярэдняй адукацыi, стварэнне роўных умоў для развiцця кожнага дзiцяцi. На яго думку, пераход на адзiнаццацiгадовы тэрмiн навучання не прывёў, як прадказвалi скептыкi, да знiжэння якасцi навучання. Аб гэтым сведчаць i вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання, i колькасць медалiстаў (залатымi i сярэбранымi медалямi ўзнагароджаны ў 2009 годзе 3,5 працэнта выпускнiкоў, у 2008 годзе — 2,1 працэнта), i аналiз вынiкаў абiтурыенцкай кампанii. Што датычыцца вучэбнай нагрузкi, то "патрэбны час, каб стварыць сетку, дамагчыся яе збалансаванасцi з дапамогай вучоных i практыкаў", сказаў мiнiстр адукацыi.

Кiраўнiк ведамства прызнаў абгрунтаванасць прэтэнзiй да якасцi падручнiкаў i забяспечанасцi iмi. Аляксандр Радзькоў праiнфармаваў, што ў гэтым годзе выдадзена 137 назваў навучальных дапаможнiкаў, запланавана выданне 168 назваў падручнiкаў i навучальных дапаможнiкаў. Паводле слоў мiнiстра, у Беларусi ёсць плеяда таленавiтых аўтараў падручнiкаў, якiя могуць вырашыць пастаўленыя перад iмi задачы.

Асаблiвая ўвага была ўдзелена на калегii адпаведнасцi заданняў цэнтралiзаванага тэсцiравання праграмам агульнаадукацыйных устаноў, а таксама паляпшэнню матэрыяльна-тэхнiчнай базы школ. На думку Аляксандра Радзькова, неабходна павялiчыць аб'ём фiнансавання на капiтальны рамонт. "Калi сельскiя школы мы падцягнулi дзякуючы рэалiзацыi дзяржпраграмы адраджэння вёскi, а школы ў буйных гарадах трымаюцца пры дапамозе моцных мясцовых бюджэтаў, то са школамi ў малых гарадах рэспублiкi вiдавочныя праблемы", — прызнаў ён.

Намеснiк старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Анатоль Рубiнаў выказаў упэўненасць у тым, што настаўнiцкi корпус адобрыў i прыняў пераход да адзiнаццацiгадовага тэрмiну навучання, а дзякуючы мабiлiзацыi намаганняў педагагiчных калектываў узровень адукацыi павысiўся ў гэты вельмi складаны для ўсiх пераходны перыяд. "Рашэнне было прынята правiльнае i своечасовае, — лiчыць Анатоль Рубiнаў. — Але многiя пытаннi трэба дапрацаваць".

Пераходны перыяд з 12-гадовага на 11-гадовае навучанне завершыцца з выпускам штрыхкласаў. Дарэчы, у 2010 годзе ў Беларусi чакаецца каля 100 тыс. выпускнiкоў школ i гiмназiй, у наступныя гады iх будзе каля 90 тыс.

БЕЛТА.

←Ломать разобрался с поением собак, сеном, картошкой и рекламой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика