Расклад для заканадаўцаў

Источник материала:  

Аб планах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусi чацвёртага склiкання на восеньскую сесiю, якая адкрыецца 2 кастрычнiка, у iнтэрв'ю "Звяздзе" расказаў Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiр АНДРЭЙЧАНКА

      Расклад для заканадаўцаў— Уладзімiр Паўлавiч, прыкладная праграма сесii звярстана. Колькi ў ёй законапраектаў?

— У праекце сесiйнага парадку дня 31 пытанне. Усяго ж у профiльных камiсiях знаходзiцца больш за 60 законапраектаў. Па меры гатоўнасцi яны таксама будуць прапанаваны для абмеркавання ў найблiжэйшыя месяцы альбо на чарговай сесii.

— Якiя пытаннi маюць намер рэгламентаваць дэпутаты?

— Іх палiтра дастаткова разнастайная, а ў цэлым адлюстроўвае наспелыя патрэбнасцi розных сегментаў грамадства i дзяржавы: эканомiкi, сацыяльнай сферы, нацыянальнай бяспекi, дзяржаўнага будаўнiцтва, экалогii i прыродакарыстання, адукацыйнай i моладзевай палiтыкi, навукi, аховы здароўя, мiжнародных спраў.

— Прыярытэты вызначаны?

— Нашы заканатворчыя прыярытэты вызначаны маштабам задач, якiя стаяць перад краiнай. На iх акцэнтаваў увагу парламентарыяў кiраўнiк дзяржавы А.Р. Лукашэнка ў штогадовым Пасланнi беларускаму народу i Нацыянальнаму сходу. Дэпутатам давядзецца прыняць рашэннi, якiя павiнны пасадзейнiчаць павышэнню эфектыўнасцi эканамiчнай дзейнасцi, заахвочванню дзелавой самастойнасцi, умацаванню сацыяльнай стабiльнасцi i развiццю дзяржавы. Тэмай № 1 сесii стане праект Закона аб рэспублiканскiм бюджэце на 2010 год. Ён яшчэ не ўнесены ў Палату прадстаўнiкоў, праходзiць узгадненне. Група дэпутатаў удзельнiчала ў распрацоўцы яго параметраў, а таксама ў абмеркаваннi галоўнага фiнансавага дакумента на пасяджэннях Савета Мiнiстраў.

— Як вы мяркуеце, цi забяспечыць бюджэтны механiзм нармальную жыццядзейнасць Беларусi ў новым годзе?

— Iнакш i быць не можа. На гэты конт кiраўнiк дзяржавы выказаўся зусiм цвёрда, як i пра неабходнасць захавання сацыяльнай часткi бюджэту ў памеры 60 працэнтаў ўсiх расходаў. Парламентарыi падтрымлiваюць такi падыход. Як бы нi было складана ў цяперашнiх фiнасава-эканамiчных умовах, стварыць нармальны бюджэтны тонус для эканомiкi i сацыяльнай сферы мы абавязаныя. Думаю, што на восеньскай сесii будзе ў вынiку прыняты збалансаваны, рэальны i сацыяльна накiраваны рэспублiканскi бюджэт

— Што вы выдзелiце ў пакеце законапраектаў эканамiчнага дыяпазону?

— Я адзначыў бы праект Асаблiвай часткi Падатковага кодэкса, змяненнi i дапаўненнi ў Грамадзянскi кодэкс, якiя аптымiзуюць шэраг пытанняў стварэння i дзейнасцi ўнiтарных прадпрыемстваў з улiкам напрацаванага ў краiне практычнага вопыту, адаптацыю Закона "Аб гаспадарчых таварыствах" да рэальных умоў iх работы i папраўкi ў заканадаўства аб архiтэктурнай, горадабудаўнiчай i будаўнiчай дзейнасцi. Яны ўдасканальваюць сiстэму кiравання i працэдур у будаўнiцтве, што дазволiць больш дакладна акрэслiць паўнамоцтвы ўдзельнiкаў будаўнiчай сферы, паменшыць кошт будаўнiцтва, у тым лiку пры бюджэтным фiнансаваннi.

Нядаўна ў Палату прадстаўнiкоў з Савета Мiнiстраў паступiў дапрацаваны з улiкам новых эканамiчных рэалiй законапраект "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва". Калi па iм у дэпутатаў не ўзнiкне сур'ёзных пытанняў, то з яго разглядам на сесii затрымкi не будзе.

Адзначу таксама спрашчэнне працэдуры афармлення дакументаў на зямельныя ўчасткi, што зафiксавана папраўкамi ў Кодэкс аб зямлi, i пазбаўленне суб'ектаў гаспадарання ад залiшняй бюракратызацыi. Гэта не проста працэдурная навацыя, таму што мае немалаважнае значэнне для эфектыўнага гаспадарання, стымулявання дзелавой актыўнасцi, а значыць, i для нарошчвання патэнцыялу нашай эканомiкi.

— Мяркуючы па тым, што на вясновай сесii дэпутаты прынялi ў першым чытаннi змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя законы аб адмiнiстрацыйных працэдурах, за лiквiдацыю неабгрунтаваных бюракратычных перашкод у заканадаўстве парламент узяўся даволi ўпарта.

— У гэтую сесiю названы дакумент iдзе на другое чытанне. Яго прыняцце дазволiць удасканалiць каля 30 дзейных нарматыўных актаў у частцы iх перагрузкi адмiнiстрацыйнымi абмежаваннямi i зняцця састарэлых прадпiсанняў.

— Лiтаральна напярэдаднi сесii Палата прадстаўнiкоў правяла выязны семiнар, прысвечаны практыцы прымянення заканадаўства па пытаннях аховы i рацыянальнага выкарысання жывёльнага i раслiннага свету. Гэта звязана з падрыхтоўкай да разгляду праекта новага Закона "Аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе"?

— Не толькi яго. Семiнар планавы i па сваёй тэматыцы закранаў правапрымяняльную практыку па шырокiм коле пытанняў прыродакарыстання i забеспячэння экалагiчнай бяспекi Беларусi. Дэпутаты абмеркавалi са спецыялiстамi шляхi ўдасканалення прыродаахоўнага заканадаўства, iснуючыя ў iм прабелы, абмянялiся з практыкамi сваiмi думкамi па надзённых экалагiчных праблемах. Выказаныя на семiнары цiкавыя, канструктыўныя iдэi ўвасобяцца ў новых нарматыўных прававых актах прыродаахоўнай сферы, якiя распрацоўваюцца з удзелам нашай профiльнай дэпутацкай камiсii. А ў перспектыве — i ў Экалагiчным кодэксе. Яго неабходнасць наспела.

— Тым больш што добры прыклад кадыфiкацыi галiновых законаў ёсць. Маю на ўвазе праект Кодэкса аб адукацыi. Ён будзе разглядацца на сесii?

— Яшчэ да абмеркавання Палатай прадстаўнiкоў ён выклiкаў значны рэзананс як у педагагiчным асяроддзi, так i ў грамадстве. Гэта зразумела. Праз сiстэму адукацыi праходзяць усе. Мы мяркуем, што нам удасца прыняць усебакова адшлiфаваны дакумент, якi стане своеасаблiвай Адукацыйнай Канстытуцыяй. Такiх кодэксаў у заканадаўстве iншых краiн няма, чым мы можам, пагадзiцеся, ганарыцца.

— Атрымаў шырокi водгук i законапраект "Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палiтыкi". Ён ужо быў адобраны дэпутатамi ў першым чытаннi. Якi яго далейшы лёс?

— Законапраект сапраўды вельмi важны. У нашай краiне дастаткова хуткiмi тэмпамi развiваецца грамадскi моладзевы рух, дзейнiчае шэраг моладзевых арганiзацый. Таму да заканадаўчага рэгулявання дзяржаўнай моладзевай палiтыкi праяўляецца вялiкая цiкавасць. Дэпутаты пераканалiся ў гэтым на семiнары, праведзеным сёлета па моладзевай праблематыцы ў Магiлёўскай вобласцi, а таксама падчас сустрэч з моладдзю, у тым лiку ў Палаце прадстаўнiкоў. Мы лiчым, што, закладваючы ў заканадаўства прававыя гарантыi для моладзi, неабходна таксама стымуляваць актыўны ўдзел маладых людзей у жыццi грамадства, бо гэта фактычна iнвестыцыi ў будучыню нашай краiны. У мiжсесiйны перыяд законапраект iстотна дапрацоўваўся. Унесены шэраг паправак i дапаўненняў. Цяпер яго чакае абмеркаванне ў другiм чытаннi.

— Хоць мiжнародная дзейнасць дэпутатаў знаходзiцца, так сказаць, за дужкамi сесiйнага парадку дня, хацелася б, Уладзiмiр Паўлавiч, закрануць i гэты вектар парламенцкай работы. Як вы ацэньваеце перспектыву кантактаў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы?

— Актывiзацыя дыялогу памiж нашай дзяржавай i Еўрасаюзам, вынiкам чаго стала ўключэнне Беларусi ў праграму "Усходняе партнёрства", адкрывае магчымасцi i для парламенцкага складнiка нашых адносiнаў. Тое, наколькi мы зможам выкарыстаць гэтыя магчымасцi на ўзаемную карысць, залежыць не толькi ад беларускага парламента, а ад абодвух бакоў. Гэты год, калi многiя аўтарытэтныя еўрапейскiя палiтыкi пачалi рэальна, без шор, глядзець на факты, паказаў, што ключавы фактар канструктыўнага, раўнапраўнага ўзаемадзеяння — наяўнасць добрай волi i пазiтыўных установак. Мы для такога ўзаемадзеяння застаёмся адкрытымi. Статус Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у ПАСЕ, як спецыяльна запрошанага, павiнен быць адноўлены. Гэта тая аснова, на якой мы будзем рухацца наперад, нарошчваючы патэнцыял узаемаразумення i партнёрства.

— Цi змяшчаюцца акцэнты ў мiжпарламенцкiх сувязях па лiнii СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ i Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii?

— Хiба ёсць падстава для якiх-небудзь апасенняў? Статус-кво нашага мiжпарламенцкага супрацоўнiцтва на постсавецкай прасторы не з'яўляецца нечым часовым. Наадварот, мiжпарламенцкае ўзаемадзеянне ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусi i Расii, Парламенцкiх структур ЕўрАзЭС, СНД i АДКБ — гэта наш стратэгiчны рэсурс. Мы будзем iсцi шляхам каардынацыi i далейшага нарошчвання нашых агульных намаганняў, асаблiва на эканамiчным трэку, фармiруючы адпаведную дагаворна-прававую базу. Так, на восеньскай сесii Палаты прадстаўнiкоў мяркуем ратыфiкаваць 13 нарматыўных дакументаў, неабходных для стварэння адзiнай тэрыторыi мытнага саюза Беларусi, Казахстана i Расii.

Я перакананы, што патэнцыял мiжпарламенцкага супрацоўнiцтва дазваляе нам дыверсiфiкаваць яго па розных напрамках iнтэграцыi. Гэта прынясе ўсiм iнтэграцыйным партнёрам, у тым лiку i нашай дзяржаве, рэальную карысць.

Аляксандр Лунёў.

←ВЫСОКИЙ УРОВЕНЬ ВЗАИМОДЕЙСТВИЯ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика