«Мы всё ещё думаем, что обойдёмся отставкой Лукашенко». Очень важный пост о том, что с нами будет дальше

Источник материала:  
25.08.2020 09:55 — Разное
>

Педагог и литератор Анна Северинец вам наверняка знакома. В начале лета ей не продлили контракт в школе за то, что она написала стихотворение про Колю Лукашенко и его папу. Сейчас Анна опубликовала важный пост – он дает ответ на вопрос, которым сейчас задается буквально каждый, – «что будет дальше?» KYKY цитирует пост Анны целиком:

«Што я думаю пра тое, што будзе далей. Калі б справа была толькі ў нашым былым прэзідэнце – то ўчора гэтая справа была вырашана адназначна. Нелегітымны ў вачах грамадства кіраўнік, а ў дадатак – неадэкватны рэальнасці чалавек, смешны ў сваім вар'яцтве, персаніфікаванае Зло, грамадзянін, які сапраўды лічыць ўсіх астатніх людзей тупым быдлам, вартым толькі пугі і бізуна ў выпадку непаслухмянасці, і невялікай колькасці сена і вады, калі яно пагадзіцца слухацца. На сёння не можа быць і гутаркі пра нейкія «іншыя палітычныя перакананні» ягоных прыхільнікаў, ніякіх палітычных перакананняў тут няма, кожны, хто цяпер падтрымлівае гэты мульцяшны персанаж, выводзіць сябе за межы чалавечай маралі і проста здаровага сэнсу.

Але справа не ў ім. Проста адставіць былога прэзідэнта – не дапаможа. Бо не ў ім і справа была. Справа была ў тым, што кожны з нас так ці інакш мірыўся з гэтым Злом, так ці інакш прыстасоўваўся, так ці інакш супрацоўнічаў, на нешта заплюшчваў вочы, і я маю на ўвазе не палітычны складнік, а складнік агульначалавечы.

Мы цяпер не хочам аддаваць дзяцей у школы, дзе настаўнікі фальсіфікуюць выбары. Але ўвесь гэты час мы іх туды аддавалі, у тыя школы, дзе настаўнікі крычалі на дзяцей, закідвалі іх целамі хакейныя арэны, Раўбічы і Сілічы, дзе завучыха і дырэктар дазвалялі сабе хаміць і ціснуць. Мы цяпер узбураныя міліцыяй і амапам, але ў нашых сем'ях, у сем'ях нашых суседзяў і па сёння пануе гвалт, мы ўсё яшчэ дазваляем сабе ціснуць на дзяцей у іх самастойных рашэннях. Мы ўсё яшчэ думаем, што мы абыдземся проста адстаўкай Лукашэнкі.

Але сутнасць тых гістарычных працэсаў, якія мы з вамі запусцілі, значна больш глыбокая. Менавіта таму гісторыя так і складаецца. Цяпер фронт змагання з плошчаў і вуліц распаўсюджваецца на прыватнае жыццё кожнага з нас. Мы не хацелі самі – дык мы цяпер вымушаны вырашаць маральнае пытанне «з кім я, з дабром ці са злом» проста ўнутры сваёй прыватнай біяграфіі.

Аказваецца (так было заўсёды), рэжым трымаецца не на адным дыктатары. Дыктатар проста як магніт: прыцягвае да сябе ўсё такое ж самае. Іх тысячы, людзей, гатовых трымаць гэты рэжым існым, няхай і лідар іхні канчаткова абсмяяны. Ім ужо няважна, дзе ён і які ён. Яны будуць трымацца сапраўды да канца, бо яны не здольныя жыць пры іншых абставінах. І толькі цяпер мы перасталі змагацца з персаніфікаваным злом – і пачалі змаганне з сапраўдным.

Ці буду я такі ж смелы не супраць далёкага і смешнага былога прэзідэнта – а супраць уласнага кіраўніцтва на ўласнай рабоце?

Ці буду я адстойваць сваю прыватную праўду не пасярод двухсоттысячнага натоўпа, а проста кожную хвіліну на сваёй працы, дзе можна было б і адседзецца? Ці гатовы я, персанальна я, асабіста я, сказаць самому сябе і свайму асяроддзю: я не са Злом, я з Дабром.

Менавіта таму гэты сюжэт складаецца так, што цяпер супрацьстаяць Злу трэба будзе не толькі на вуліцы ў вольны ад працы час – але ў бацькоўскіх супольнасцях школ і класаў, у працоўных калектывах, дома. Мірны, спакойны, але і цвёрды, але і няўхільны пратэст супраць таго, каб кожнаму з нас быць скотам.

Я ведаю, што тое, што пачало з намі адбывацца, – незваротна і скончыцца перамогай. І яна будзе хутка. Можа, не заўтра. Можа, напрыканцы восені ці напачатку зімы. Тое, што цяпер працуе навокал, – гэта настолькі маштабна, што ніхто не ў стане гэта спыніць. Я проста хачу сказаць, што цяпер мяжа Дабра і Зла палягае не паміж пратэстоўцамі і АМАПам ля Стэлы, не паміж былым прэзідэнтам і ягоным народам, яна палягае проста ўнутры кожнага з нас. Проста робім выбар».

←Доллар подорожал до 2,7 рубля. Какие курсы валют установили банки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика