Галіна Каржанеўская. БЛА-БЛА-БЛА. Медаль у студыю!
Калісьці наш рэдактар гаварыў: штодзённая газета жыве адзін дзень, штотыднёвая — тыдзень. Набыла на пошце дзве штодзённыя газеты — “Звязду” і “Рэспубліку”. Цікава паглядзець, як яны адгукаюцца на падзеі апошняга часу.
У абодвух нумарах прысутнічае старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. У “Звяздзе” ён паведамляе, што з боку федэрацыі быў зварот да праваахоўных органаў, у якім гаворыцца: “Сёння неабходна дэталёва і аб’ектыўна вывучыць кожны выпадак”. Выпадак чаго — умоўчваецца. Орда выказвае надзею, што “ў найбліжэйшы час мы пачуем вынікі гэтага расследавання”.
І найбліжэйшы, і блізкі час прайшоў, але акрамя медалёў на грудзь сілавікоў ніякай іншай рэакцыі ў краіне не заўважана. Бойня ў сталіцы, калі па-дзікаму хапалі каго заўгодна — ад маладзёнаў да пенсіянерак, пад завязку набівалі камеры, шакіравала ўсіх. Дзяржаўны прафсаюз дастаткова салідная арганізацыя, каб пацікавіцца ў гэтых самых неназваных органаў, хто канкрэтна з супрацоўнікаў сілавых структур перавысіў паўнамоцтвы.
У нумары газеты “Рэспубліка” за той самы дзень, 21 жніўня, шэф прафсаюзаў рэзка мяняе тэму, яго “меркаванне” мае назву “Предприятия должны работать”. З яго слоў вынікае, што галоўнае — пазбегнуць эканамічных страт, захаваць рынкі збыту, папаўняць падатковую казну і гэтак далей. Палітычны аспект і жаданне ведаць праўду неяк выпарыліся.
Затое палітыкі хапала ў гутарцы прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі з Маратам Маркавым у студыі АНТ.
Галоўчанка таксама не ўспамінае пра дэтанатар грамадскага ўзрушэння — прэзідэнцкія выбары. Гэтак у доме вісельніка далікатна абмінаюць тэму вяроўкі. Я так і не зразумела, што за праграму яны доўга абмяркоўвалі ў эфіры. Каардынацыйны савет толькі стварыўся, ніякай праграмы ў яго няма і быць не павінна, у кандыдата Ціханоўскай таксама праграмы як такой не існавала. Яе задачай быў мірны трансфер улады. Адкуль хлопчык?
Маляваліся апакаліптычныя жахі на аснове невядома чаго і без спасылкі на крыніцу: выхад з інтэграцыйных аб’яднанняў, дадатковыя выдаткі ў выпадку стварэння мяжы з РФ, падаўленне волі дзяржавы (!), адмова ад рускай мовы, аўтакефалія…
Перад намі суцэльны заказны фэйк, страшылка для запалоханага і завязлага ў СССР абывацеля. Адзіная праўда ў вялікім спісе тэм — гэта топат і “захлопванне” самога міністра падчас сустрэчы ў адным працоўным калектыве.
Далей за Галоўчанку пайшоў у “Звяздзе” старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, былы дыпламат Сяргей Рачкоў. Ён увогуле адмаўляе наяўнасць крызісу ў краіне. Сэнс ягоных разваг можна перадаць радкамі жартоўнай песенькі: “Всё хорошо, прекрасная маркиза. Всё хо-ро-шо, всё хо-ро-шо…” Ён так стараўся, што ў адзін сказ загнаў некалькі аспектаў свайго бачання сітуацыі. (Уяўляю, як стагналі стылісты.) Паспрабую выкласці: асобнымі “ўнутранымі сіламі” пры актыўнай фінансавай і арганізацыйна-лагістычнай падтрымцы некага “звонку” робіцца спроба навязаць нам гэты крызіс “і ажыццявіць неканстытуцыйную змену дзяржаўнай улады з-за іх паразы на выбарах”.
На выбарах?! Хоць адзін ды вымавіў гэта зачаравае слова! А што да паразы, дык яна існуе толькі ў дакументах ЦВК. Ну не мог жа чалавек не ведаць, дзеля каго ў асноўны дзень галасавання выстройваліся чэргі на ўчастках! Між іншым, дыпламату даводзілася назіраць за выбарамі ў ЗША. Што, там гэтак жа шамацелі паперкамі і вымаўлялі завучаныя на памяць лічбы?
Рачкоў сцвярджае, што “масавыя беспарадкі” (ва ўсім свеце іх завуць пратэстамі) арганізоўваліся альтэрнатыўнымі кандыдатамі. З гэтага месца прашу падрабязней: хто менавіта з кандыдатаў? Дзмітрыеў, Канапацкая, Чэрачэнь? Ці можа Ціханоўская, якую гадзінамі прэсавалі, прымусілі запісаць зварот і адправілі ў Літву?
Па Рачкову выхад тысяч мірных людзей на гарадскія плошчы і вуліцы — гэта звычайная правакацыя. (Ага, знарок выйшлі, каб іх збілі на мяса.) Ён піша пра запалохванне людзей і подкуп моладзі. Палохалі кветкамі і стужкамі? Падкуплялі мінеральнай вадой?
Сваю задачу былы міжнароднік бачыць у тым, каб падтрымаць лідара краіны. Дапамагчы сялянам ва ўборцы ўраджаю, педагогам — пачаць новы навучальны год, рабочым — бла-бла-бла… Не абыдзены таксама нашы правахоўнікі, якія мужна падтрымліваюць грамадскі парадак.
Самае адыёзнае пакінута на канец. “Паразуменне ў грамадстве не страчана”, — упэўнены Сяргей Анатольевіч. Па ім, гэтым самым паразуменні, “нанесены пэўны ўдар тымі, хто не хоча бачыць на карце свету самастойную незалежную і суверэнную дзяржаву — Рэспубліку Беларусь”.
Магутныя кадры, як пагляджу, прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне! (Загадзя прашу прабачэння ў Паўла Латушкі.)
Так і хочацца сказаць: медаль у студыю! І Рачкову, і Галоўчанку, і Андрэйчанку, які з пакутай у вачах заклікае беларусаў супакоіцца, і ўсім так званым журналістам, якія спяваюць з чужога голасу.