«Касцёл і дзяржава ідуць поплеч, прытрымліваючыся аднолькавых каштоўнасцей – клопату аб чалавеку, міру і згоды»
Ксёндз Ежы Бяганскі, душпастыр шпітальнай каталіцкай капліцы на тэрыторыі Лідскай ЦРБ, пробашчам парафіі на Воранаўшчыне – Маці Божай Тракельскай.
Нягледзячы на тое што сёння ксёндз Ежы Бяганскі з’яўляецца пробашчам парафіі на Воранаўшчыне – Маці Божай Тракельскай, – на Лідчыне яго не толькі добра ведаюць, але і шчыра, небеспадстаўна лічаць сваім. Сан каталіцкага святара Ежы Бяганскаму быў нададзены ў 2002 годзе. Працаваў у парафіях Святой Сям’і ў мікрараёне Рыбіноўскага, Беззаганнага Зачацця Панны Марыі на Слабадзе, а 11 лютага 2014 года на тэрыторыіі Лідскай бальніцы адчыніла дзверы першая на той час у Гродзенскай вобласці бальнічная капліца Маці Божай з Лурда, душпастырам якой ён з’яўляецца.
На жаль, з-за пандэміі і ў мэтах бяспекі апошнія некалькі месяцаў службы, споведзь і прычасце непасрэдна ў капліцы і ў аддзяленнях бальніцы не праводзяцца, але ксёндз Ежы Бяганскі запэўніў, што кожны дзень моліцца за ўсіх хворых і медыцынскіх работнікаў, а таксама за ўладу.
– Органы ўлады імкнуцца да падтрымання стабільнасці і спакою ў дзяржаве, а касцёл не прымае анархію і хаос, – расказвае святар. – Беларусь, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, усё часцей становіцца цэнтрам прыцягнення не толькі для палітыкаў, эканамістаў, дзеячаў культуры і навукі, спартсменаў, але і для прадстаўнікоў розных рэлігій. І, у адрозненне ад многіх іншых краін планеты, разнастайнасць рэлігій у Беларусі не становіцца падставай для канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебах, а наадварот, служыць умацаванню ўзаемнага разумення і павагі. Гэта, безумоўна, з’яўляецца адлюстраваннем палітыкі міру і згоды, якой прытрыімліваюцца ў Беларусі. Не ведаю, можа, мне пашанцавала, але я на сваім шляху насамрэч сустракаў выключна разумеючых, гатовых дапамагчы і падтрымаць прадстаўнікоў улады.
У пацвярджэнне гэтых слоў святар успомніў 2013 год, калі ён, атрымаўшы аб біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Дэкрэт на душпастырства на Лідчыне, пайшоў знаёміцца з кіраўніком мясцовай бальніцы.
– Я даўно выношваў ідэю аб адкрыцці на тэрыторыі медыцынскай установы каталіцкай капліцы. Менавіта гэта я агучыў галоўнаму ўрачу (на той час ім быў Генрых Эйсмант), – працягвае аповед ксёндз Ежы Бяганскі. – Якім жа было маё здзіўленне, калі Генрых Эдмундавіч не проста падтрымаў ініцыятыву, а сказаў, што сам даўно задумваўся аб гэтым. На тэрыторыі бальніцы ўжо даўно функцыянавала праваслаўная часоўня, і для “раўнавагі” патрэбна была яшчэ і каталіцкая. Вельмі хутка, без лішніх папер, гэтае пытанне было ўзгоднена ў райвыканкаме, і пачалася праца па ўладкаванні каталіцкай святыні. Кіраўніцтва бальніцы выдзеліла мне памяшканне ў былым хірургічным корпусе, некалькі месяцаў мы рабілі рамонт. Кажу “мы” невыпадкова, таму што дапамогу ў гэтай няпростай справе аказвалі не толькі вернікі розных прыходаў Лідскага раёна, але і прадпрыемствы, бізнесмены – хто фінансава, хто тэхнікай або матэрыялам. Агульнымі намаганнямі за некалькі месяцаў мы цалкам уладкавалі першую на той час каталіцкую бальнічную капліцу.
Святар кажа, што момантаў, калі прадстаўнікі ўлады падтрымлівалі, дапамагалі, адносіліся з увагай, нямала. Адзін з апошніх і вельмі значных у жыцці Касцёла – перадача Лідскім райвыканкамам на бязвыплатнай аснове Тракельскай парафіі капліцы ў вёсцы Марысева Дварышчанскага сельсавета. Вядома, што святыня была пабудавана ў 90-я гады і да гэтага часу знаходзілася на балансе мясцовага сельгаспрадпрыемства.
– Безумоўна, капліца будзе адрамантавана. Асвяціць яе прыедзе біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, на гэтае мерапрыемства будуць запрошаны прадстаўнікі Лідскага райвыканкама, сельскага Савета, якія падтрымалі ідэю і аказалі садзейнічанне, – зазірнуў у недалёкую будучыню ксёндз Ежы Бяганскі. – Працягваючы аповед пра ўзаемадапамогу і разуменне, трэба расказаць пра старыя дварышчанскія могілкі, размешчаныя ля самай дарогі. Са шкадаваннем трэба прызнаць, што ў апошні час яны знаходзіліся ў жаласным выглядзе: паўразбураная каменная агароджа, хмызнякі, якія разрасліся па яе перыметры. Вядома, сітуацыя патрабавала ўмяшання. Я звярнуўся да старшыні Дварышчанскага сельскага Савета з прапановай навесці тут парадак. Ніна Міхайлаўна Зуенка не толькі падтрымала ініцыятыву, але і аказала садзейнічанне. Адгукнуліся і прадпрыемствы. Напрыклад, РСУП “Саўгас “Лідскі”, будаўніча-мантажны трэст №19 дапамаглі тэхнікай – пагрузчыкамі і велікагрузнымі машынамі. Рамонтна-будаўнічыя работы на могілках ужо амаль скончаныя.
Напрыканцы размовы ксёндз Ежы Бяганскі дадаў, што мэтай Касцёла з’яўляецца вечнае выратаванне людзей, мэта дзяржавы заключаецца ў іх зямным дабрабыце. Беларусь – гэта тая краіна, якая адобрана святарамі розных канфесій як міралюбная і бяспечная дзяржава, якая можа служыць прыкладам нармальнага жыцця чалавека, дзе спакойна ўжываюцца розныя рэлігіі і нацыянальнасці. Клопат аб чалавеку – зыходны пункт узаемаадносін Касцёла і дзяржавы для ўзаемадзеяння па рашэнні найбольш актуальных праблем сучаснасці. “Мяне радуе, што ў апошнія гады мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з уладай. Напрыклад, і каталіцкіх, і праваслаўных святароў заўсёды запрашаюць на розныя святы, адкрыццё тых ці іншых мерапрыемстваў, асвячэнне і блаславенне ініцыятыў. Гэта правільна. Важна, каб людзі бралі прыклад сяброўства і павагі адзін да аднаго”, – адзначыў ксёндз Ежы Бяганскі.