Прыём дакументаў
Прыём дакументаў у першыя класы школ Беларусі пачнецца 12 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БелТА ў прэсслужбе Міністэрства адукацыі.
«Прыём дакументаў для залічэння ў першыя класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе ажыццяўляцца з 12 чэрвеня па 15 жніўня. У першую чаргу ў першыя класы прымаюцца дзеці, якія пражываюць у мікрараёне, дзе размешчана ўстанова адукацыі. Дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў прымаюцца ў адпаведнасці з зацверджаным кіраўніком установы адукацыі графікам. Бацькі пішуць заяву, прадстаўляюць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (або дакумент, які засведчвае асобу) і медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці», – расказалі ў прэс-службе.
Пры наяўнасці свабодных месцаў могуць прымацца дзеці, якія пражываюць у іншых мікрараёнах. «У гэтым выпадку ў перыяд з 12 чэрвеня па 15 жніўня бацькі ў час прыёму дырэктарам школы грамадзян пакідаюць заяву з просьбай прыняць дзіця ў першы клас. Заява будзе зарэгістравана ў спецыяльна адведзеным журнале. Прыём астатніх дакументаў (медыцынская даведка аб стане здароўя, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці) для залічэння ў першы клас на свабодныя месцы будзе ажыццяўляцца з 16 па 28 жніўня. Залічэнне ў першы клас на свабодныя месцы будзе ажыццяўляцца ў парадку чарговасці падачы заяў», – дадалі ў ведамстве.