Баранаванне (гумарэска)
Пасля ўборкі бульбы ўчастак трэ было пабаранаваць.
Гаспадар яго Мікіта Шчасце стаяў і разважаў: “Як быць? Самому за справу? Дык, здаецца, стараваты ўжо. Каля васьмідзесяці назбіралася. Папрасіць каго ці што? Але каго? Васіля? Добра зробіць, але ж і скубане добра. Не меней як на бутэльку белай. Ён такі-і-і… Ведаю яго як аблупленага”.
Пастаяў, пачухаў патыліцу.
“…А, мо, Рыгорку, гэтага гультая? Дык зноў жа, і зробіць горш, хоць плюнь ды расцяры, і патрабуе як не ўдвая болей. Дай яму, абібоку, бутэльку, закусь добрую, ды яшчэ з сабою кавалак сала з паўкіло, і не меней. Ён такі. Хто яго не ведае. Мала гэтага, дык яшчэ будзе з тыдзень заглядваць у хату, як да Ганны калісьці, і прасіць хоць кроплю на апахмелку. Маўляў, ратуй, дзед, калі не жадаеш, каб загадаў жыць доўга каля тваіх ног”.
Дзед зноў пачухаў патыліцу, пакумекаў хвілін пяць.
“А, мо, Каламійца? Дык зноў жа, добрая цаца. Паабяцае зрабіць, папросіць авансу не менш як бутэльку віна. Потым адкладзе на потым. Бо зараз, здаецца, перабраў. Тады яшчэ будзе два-тры дні авансу кленчыць. А пасля, як зробіць, не меней як тыдзень збавення ад яго не будзе: дай ды дай. А калі не дасі, у наступны раз не падыходзь”. Мікіта Шчасце зноў задумаўся. Потым махнуў рукой і мовіў:
— А вось ім, штукарам! Іш, узяліся, як што якое, дык бутэльку. Нечага рублямі раскідвацца. Сам яшчэ нязломак. Вось.
Ён хуценька запрог Ганку. Так назваў кабылу ў гонар жанчыны, якая яму адмовіла калісьці ва ўзаемнасці. Наматаў на правую руку лейцы, у левую пугаўё і:
— Но-о! Гультайка! Гоп-гоп!! – і сцебануў пугай. Тая толькі гэтага і чакала. Як ірванула з месца, ледзь не бягом. Мікіта перад гэтым глынуў шклянку віна, зрабіў некалькі крокаў і грымнуўся жыватом на камлыжжа. Замест таго, каб крыкнуць: “Тпру-у, мілая!” – рыкнуў: “Но-о, каб ты здохла…”. І ўсчалося баранаванне ўчастка.
Мікіта не мог узняцца на ногі, бо Ганка, адчуўшы волю, неслася па крузе раз за разам.
Колькі яны б апрацоўвалі глебу, каб не жонка Мікіты. Яна схапіла за абрыць Ганку і спыніла. Калі дапамагала ўзняцца на ногі свайму гаспадару, ад сарочкі і штаноў мала чаго засталося.
Раніцай ля ўчастка стаялі знаёмыя хлопцы і, падазрона зыркаючы адзін на аднаго, разважалі:
— І хто тут пашчыраваў так гэтаму скупердзяю?
Панас ПАЛІТЫКА.