Жыхар Крычаўскага раёна скупляў у Расіі маскі і перапрадаваў у Беларусі

Канфіскаваныя медыцынскія маскі / @pressmvd
Жыхар Крычаўскага раёна скупляў у Расіі медыцынскія маскі і перапрадаваў іх у Беларусі. 25-гадовага мужчыну ў аўторак затрымалі ў Магілёве падчас рэалізацыі чарговай партыі тавару. Як паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС, кліентаў ён знаходзіў праз інтэрнэт. "Бізнесмен" прадаваў маскі ў некалькі разоў даражэй, чым яны каштуюць у аптэках. І калі іх у яго куплялі, значыць у аптэках медыцынскія маскі сталі дэфіцытам.
Затрыманне адбылося на паркоўцы каля адной з магілёўскіх крамаў. Пры сабе мужчына меў каля 150 медыцынскіх масак для індывідуальнай абароны на агульную суму каля 150 рублёў. За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць яго найхутчэй аштрафуюць (максімальны памер штрафу — да 2700 рублёў).
Падобныя затрыманні нелегальных гандляроў медыцынскімі маскамі адбываюцца апошнім часам у розных гарадах нашай краіны (апошнія факты — у Гродне і Мінску).