Какие вопросы обсуждали на приеме граждан в Осиповичах
Вырашаем праблемы разам
Асноўныя пытанні, з якімі землякі 17 сакавіка прыйшлі на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Святланы Шутавай, тычыліся святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі, якое ўжо набліжаецца.
І гэта вельмі добра, што нашы людзі неабыякавыя да належнага падтрымання святых месцаў, дзе пасля куль карнікаў знайшлі апошні зямны прытулак мірныя жыхары ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што яны займаюцца пошукам імён загінуўшых тады на Асіповіччыне, наогул ваенна-патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення. Зразумела і хваляванне асобных за сённяшні стан беларускай мовы і літаратуры: сапраўдны беларус роднай мовай валодаць павінен абавязкова.
Словам, паўтарагадзінная размова прынесла рэальную карысць абодвум бакам. І яе потым арганічна дапоўніла запланаванае наведванне Святланай Аляксандраўнай мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе дэпутат бліжэй пазнаёмілася з гісторыяй сваёй выбарчай акругі, пачула ад кіраўніцтва і супрацоўнікаў установы шмат цікавага наконт і ўжо зробленага, і задумак на заўтра.
* * *
18 чысла прыём грамадзян правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Анюхоўскі.
З чым звярталіся асіпаўчане да сенатара? З надзённым — пытаннямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у прыватнасці, па магчымасці ўцяплення дома № 20 па вул. Мічурына. Натуральна, адказ будзе дадзены пасля дэталёвага вывучэння сітуацыі.
Увогуле, як падзяліўся ў прыватнай гутарцы прадстаўнік нашай акругі ў Савеце Рэспублікі, дзе б ні праходзілі прыёмы ці прамыя лініі, людзей хвалюе пераважна добраўпарадкаванне, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонт дарог. І Асіповічы ў гэтым плане не выключэнне. А сустрэчы і тэлефонныя лініі для таго і ладзяцца, каб насельнікі вёсак і гарадоў мелі магчымасць расказаць аб сваіх праблемах і атрымаць дапамогу. Разам вырашаць пытанні заўсёды лепш!